• Галоўная
  • /
  • Навiны
  • /
  • Міжнародны семінар «Адраджэнне садова-паркавых традыцый»

Міжнародны семінар «Адраджэнне садова-паркавых традыцый»

31.05.2014

17 – 18 чэрвеня 2014 года ў ДУ «Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» адбудзецца міжнародны навукова-практычны семінар «Адраджэнне садова-паркавых традыцый» . На працягу двух дзён будуць заслуханы паведамленні спецыялістаў, пройдзе дыскусія па пытаннях адраджэння традыцый пры рэканструкцыі паркавых комплексаў, адбудзецца экскурсія па парках Нясвіжа і Альбы.
Неабходнасць у правядзенні такога мерапрыемства відавочная, асабліва калі ўлічыць, што галоўныя турыстычныя аб’екты нашай краіны Нясвіжскі і Мірскі палацава-замкавыя комплексы размешчаны ў атачэнні старадаўніх паркаў. Пра адраджэнне гэтых ландшафтаў, пра тое, як з максімальнай эфектыўнасцю ўключыць іх у турыстычныя маршруты, пра традыцыі садова-паркавага мастацтва айчынных сядзібаў пойдзе гаворка падчас семінара.

Заяўкі на ўдзел у мерапрыемстве даслалі вядучыя спецыялісты як з Беларусі, так і з замежжа. Сярод іх – Анатоль Федарук, прафесар, доктар біялагічных навук, выкладчык БДПУ ім. М. Танка – аўтар шэрагу прац па гісторыі беларускіх сядзіб; Наталля Манаенкава, ландшафтны архітэктар, сябра Асацыяцыі спецыялістаў ландшафтнай індустрыі ў Беларусі; Міра Дасталава, інструктар па кветкаводству і дэкаратыўнаму садаводству, суддзя міжнароднага класа па ацэнцы гатункаў руж (Чэшская Рэспубліка). Таксама ў працы семінара прымуць удзел супрацоўнікі Нясвіжскага і Мірскага музейных комплексаў і мясцовыя краязнаўцы. У якасці ганаровых гасцей на семінар запрошаны прадстаўнікі роду Радзівілаў, якія пражываюць у Італіі і Польшчы.
Даклады будуць надрукаваны ў штогодніку музея-запаведніка «Нясвіж».
Працоўныя мовы семінара: беларуская і руская.
Заяўкі для ўдзелу ў семінары прымаюцца па адрасе: 222603, Рэспубліка Беларусь, Мінская вобл., г. Нясвіж, вул. Ленінская, д. 19, альбо E-mail: iwahninaluba@yandex.ru. Пражыванне і харчаванне за кошт удзельнікаў. Просьба папярэдне паведамляць аб неабходнасці браніравання жылля.
Тэлефоны для даведак: +375177055273 (Яцкевіч Зміцер Лявонцьевіч, намеснік дырэктара па навуковай рабоце ДУ «НГКМЗ «Нясвіж»); +375336314911 (Івахніна Любоў Уладзіміраўна, вучоны сакратар ДУ «НГКМЗ «Нясвіж»).