• Галоўная
  • /
  • Навiны
  • /
  • Міжнародны навукова-практычны семінар "Адраджэнне садова-паркавых традыцый"

Міжнародны навукова-практычны семінар "Адраджэнне садова-паркавых традыцый"

20.06.2014

17 – 18 чэрвеня ў ДУ “Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” прайшоў міжнародны навукова-практычны семінар “Адраджэнне садова-паркавых традыцый”. У гэтым мерапрыемстве прынялі ўдзел, як супрацоўнікі музея-запаведніка, так і спецыялісты з Беларусі і замежжа: гісторыкі, дызайнеры, музеязнаўцы, даследчыкі беларускай сядзібы.
У якасці ганаровых гасцей семінар наведалі прадстаўнікі роду Радзівілаў, якія цяпер пражываюць у Італіі: унучка апошняга ўладальніка Нясвіжа Леона Радзівіла Марыя Дзіяна Радзівіл з мужам і сынам. Госці былі ўражаны атмасферай фамільнага палаца, з цікавасцю знаёміліся з экспазіцыяй замкавага комплекса і Ратушы. Іх прыемна здзівіла веданне англійскай мовы экскурсаводамі і супрацоўнікамі музея-запаведніка.
За два дні работы было заслухана і абмеркавана дзесяць паведамленняў. Асаблівую цікавасць прысутных выклікалі выступленні Міры Дасталавай (Чэшская Рэспубліка) – інструктара па кветкаводству і дэкаратыўнаму садаводству, суддзі міжнароднага класа па ацэнцы гатункаў руж, якая падзялілася вопытам стварэння кветнікаў і садова-паркавых кампазіцый. Прафесар, доктар біялагічных навук БДПУ імя Максіма Танка Анатоль Тарасавіч Федарук распавёў пра кампазіцыйныя і стылёвыя асаблівасці нясвіжскіх паркаў. Айчынныя дызайнеры Елізавета Кручкоўская і Алена Лапіцкая прааналізавалі еўрапейскія тэндэнцыі ў галіне захаванне і выкарыстання гістарычных садоў і паркаў. Ландшафтны архітэктар Наталля Манаенкава расказала, як на працягу стагоддзяў мянялася традыцыйнае ўладкаванне беларускіх сядзібаў. Старшыня Рэспубліканскага савета Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч звярнуў увагу на тое, як сродкамі ландшафтнага дызайна можна абазначыць помнікі мінуўшчыны. Малодшы навуковы супрацоўнік ДУ “НГКМЗ “Нясвіж” Уладзімір Каралёнак падрыхтаваў грунтоўны даклад аб гісторыі радзівілаўскай рэзідэнцыі Альба ў ХІХ – ХХ стст. Акрамя таго адбыліся экскурсіі па нясвіжскіх парках і паездка ў Альбу. Ішла зацікаўленая размова аб адраджэнні гэтых ландшафтаў і аб тым, як з максімальнай эфектыўнасцю уключыць іх у турыстычныя маршруты.