• Галоўная
  • /
  • Навiны
  • /
  • Міжнародны валанцёрскі экалагічны летнік “Спадчына Радзівілаў 2015”

Міжнародны валанцёрскі экалагічны летнік “Спадчына Радзівілаў 2015”

31.03.2015

         ДУ “Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” сумесна з Нясвіжскім раённым выканаўчым камітэтам і РГА “Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА” праводзіць Міжнародны валанцёрскі экалагічны летнік “Спадчына Радзівілаў 2015”. Для ўдзелу у праекце запрашаюцца маладыя і энергічныя людзі ва ўзросце ад 18 да 35 год. Патэнцыяльным валанцёрам спецыяльнай кваліфікацыі не патрабуецца, дастаткова мець арганізацыйныя навыкі, быць камунікабельным і працавітым.

       За два гады ў рабоце валанцёрскага летніка прыняла ўдзел моладзь з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Фінляндыі, Нідэрландаў, Сербіі, Арменіі, Узбекістана і Кітая.

      Працавалі валанцёры па 4-5 гадзін у дзень, пяць дзён у тыдзень. Разам са спецыялістамі камунальнага унітарнага прадпрыемства “Нясвіжскі зеленбуд” і дзяржаўнай лесагаспадарчай установы “Клецкі лясгас” маладыя людзі былі занятыя працай у нясвіжсках парках. Яны збіралі смецце з несанкцыянаваных звалак, займаліся стварэннем архітэктурных і скульптурных кампазіцый, пракладваннем паркавых сцяжынак, пасадкай маладых дрэў, высякалі хмызняк. У рамках культурнай праграмы, для валанцёраў супрацоўнікі музея-запаведніка праводзілі экскурсіі па замку, ратушы і Фарнаму касцёлу. Больш падрабязна з усімі мерапрыемствамі летніка запрашаем Вас пазнаёміцца на блозе праекта, які вялі самі валанцёры.

        У гэтым годзе Міжнародны валанцёрскі экалагічны летнік “Спадчына Радзівілаў 2015” пройдзе з 18 па 27 ліпеня. У яго рабоце прымуць удзел 16 маладых людзей з Беларусі і Еўропы. Валанцёры будуць працаваць па добраўпарадкаванню тэрыторыі бліз усыпальніцы барона Гартынга ў вёсцы Завушша (15 км. ад Нясвіжа). Працягласць працы 5 гадзін. Харчаванне, пражыванне і культурная праграма забяспечваюцца арганізатарамі праекта.

        Калі ў Вас з’явілася жаданне паўдзельнічаць, у якасці валанцёра, у рабоце Міжнароднага валанцёрскага экалагічнага летніка “Спадчына Радзівілаў 2015”, то Вам неабходна запоўніць электронную анкету па ссылцы: https://docs.google.com/forms/d/1ICScli0gfn5A_hXtvuDq9--DKtFc7dqElMZIKU3_2S4/viewform.