Выстава «Вялікі баль у палацы Радзівілаў»

29.10.2015

З 29 кастрычніка 2015 года па 31 студзеня 2016 у Вялікай выставачнай зале Палацавага ансамбля (г. Нясвіж) Вы можаце наведаць выставу «Вялікі баль у палацы Радзівілаў».

Правілы правядзення баляў прыйшлі ў Вялікае Княства Літоўскае з Еўропы, пачынаючы з XVII стагоддзя. Балі выконвалі розныя функцыі, якія залежалі ад прычыны ўрачыстасці: каранацыя караля, нараджэнне спадкаемца або спадкаемніцы, юбілеі, вяселлі, прыёмы замежных гасцей.

Асабліва сваёй веліччу і пышнасцю славіліся балі, якія ладзіліся ў Нясвіжскім замку. Францішка Уршуля Радзівіл наладжвала грандыёзныя святы і тэатральныя пастаноўкі, каб даўжэй утрымаць у замку свайго мужа Міхала Казіміра Радзівіла (Рыбаньку), занятага дзяржаўнымі справамі. Караль Станіслаў Радзівіл (Пане Каханку) славіўся бесшабашным марнатраўствам падчас забаваў, якія маглі працягвацца часам да тыдня. Марыя Дарота Радзівіл аднавіла былую славу нясвіжскіх баляў. Нясвіжскія вечары наведвалі многія вядомыя гістарычныя асобы XVIII-XX стагоддзяў: апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, маршал Польшчы Юзаф Пілсудскі, прэзідэнт Польскай Рэспублікі Ігнацы Масціцкі, князь Манака Людовік II і спадчыннік Неапалітанскага караля князь Мюрат.

У прыватнай калекцыі Вашай увазе прадстаўлены унікальныя прадметы: бальная сукенка, створаная знакамітым куцюр'е баронам Крыстафам фон Дрэкалам для эрцгерцагіні аўстрыйскай Марыі Валерыі Габсбург (1868-1924); хрысцільны набор шведскай прынцэсы Сафіі Альбярціны (1753-1829), стрыечнай сястры Кацярыны II; вясельны карсаж знакамітага куцюр'е Чарльза Фрэдэрыка Ворта; сукенка, пашытая Ч.Ф. Вортам, калі ён працаваў з Ота Бобергам да 1871 года.

Наведаўшы экспазіцыю, Вы зможаце пазнаёміцца з многімі жаночымі артэфактамі XVIII-XIX стагоддзяў, назвы якіх часцяком зусім незнаёмыя нашым сучаснікам: Карнэ дэ баль, партрэзор, billet-doux, бюск, фіжма, Тусі-Мусі, аграфія і інш.

Выстава працуе штодня з 9.30 да 18.00.

Кошт уваходнага квітка на выставу:
30 000 руб. (дар.),
15 000 руб. (шк., студ.).
Тэлефоны для даведак: 80177020602, +375295518051, +375291903149.

НАГАДВАЕМ, што кошт квітка на наведванне экспазіцыі палаца з панядзелка па чацвер – 80000 руб. (дар.) і 40 000 руб. (шк., студ.), з пятніцы па нядзелю - 100 000 руб. (дар.) і 50 000 руб. (шк., студ.).
З 10 лістапада па 24 снежня 2015 года кожны АЎТОРАК – выхадны дзень.

Жадаючым азнаёміцца з выставай не абавязкова набываць квіток на наведванне палацава-паркавага ансамбля! Дастаткова аплаціць ўваходны квіток на выставу!