• Галоўная
  • /
  • Навiны
  • /
  • Клуб аматараў гісторыі і культуры “Кліо” атрымаў статус клуба “ЮНЕСКА”

Клуб аматараў гісторыі і культуры “Кліо” атрымаў статус клуба “ЮНЕСКА”

10.11.2015

4 лістапада ў Тэатральнай зале сектара па навукова-экскурсійнай рабоце “Палацавы ансамбль” адбылося святочнае пасяджэнне клуба аматараў гісторыі і культуры “Кліо”. 
У мерапрыемстве прынялі ўдзел: намеснік дырэктара па навуковай рабоце ДУ “Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” Яцкевіч Дзмітрый Лявонцьевіч; старшы навуковы супрацоўнік сектара па навукова-экскурсійнай рабоце “Палацавы ансамбль” ДУ “Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”, куратар клуба ЮНЕСКА “Кліо” Мазалеўскі Вячаслаў Іванавіч; віцэ-прэзідэнт Сусветнай федэрацыі клубаў ЮНЕСКА ад рэгіёну Еўропы і Паўночнай Амерыкі, старшыня РГА “Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА” Субцэльны Дзмітрый Юр’евіч; намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце УА “Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа” Цвірко Таццяна Анатольеўна; дырэктар ДУК “Нясвіжскі гарадскі моладзевы цэнтр” Матусевіч Людміла Іванаўна; намеснік галоўнага рэдактара ДУ “Рэдакцыя газеты “Нясвіжскія навіны” і праграмы радыёвяшчання “Раніца Нясвіжчыны” Любанец Соф’я Уладзіміраўна.
Пад час мерапрыемства клубу “Кліо” (дзейнічае на базе музея-запаведніка з 2011 года) быў прысвоены статус клуба ЮНЕСКА. “Кліо” – першы і пакуль адзіны клуб ЮНЕСКА, які працуе ў Рэспубліцы Беларусь як на базе музея, так і на базе помніка ўнесенага ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
У рабоце клуба выкарыстоўваюцца такія формы і метады работы, як лекцыі, гутаркі, круглыя сталы, віктарыны-конкурсы, гульні, музейныя заняткі, сустрэчы з цікавымі людзьмі. Члены клуба займаліся навукова-даследчай работай: працавалі ў бібліятэках, сетцы Інтэрнет, вучыліся шукаць інфармацыю ў падручніках і энцыклапедыях. Займаліся валанцёрскай дзейнасцю, аказвалі дапамогу рэстаўратарам ДУ “Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”: працавалі з манетамі, этнаграфічнымі прадметамі з гліны і метала. 
За тыя гады, што працуе клуб “Кліо”, ён ужо паспеў палюбіцца многім юнакам і дзяўчатам, так як ён стаў тым месцам, дзе можна абмеркаваць праблемы гісторыі і культуры нашага краю.