Ушанаванне памяці Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі

29.02.2016

26 лютага 2016 г. у Нясвіжы адбыліся мерапрыемствы, прысвечаныя памяці Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі – дзяржаўнага дзеяча, мецэната, чалавека, які ператварыў драўляны пасёлак Нясвіж у мураваны горад з замкам, касцёлам, ратушай. 400 гадоў таму, 28 лютага 1616 г., заснавальнік Нясвіжскай ардынацыі пайшоў з жыцця. Сучаснікі эмацыйна зазначалі: “Разам з гэтым чалавекам у труну паклалі ўсё дабро гаспадарства”. Сёння пра Сіротку згадвалі нашчадкі. Арганізатарамі мерапрыемстваў у гонар нясвіжскага князя выступілі ДУ “НГКМЗ “Нясвіж”, музей “Замкавы комплекс “Мір” і Польскі інстытут у Мінску.

У Нясвіжскім касцёле Божага Цела адбылася жалобная імша па фундатару касцёла, якую правёў архібіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. На імшы прысутнічалі прадстаўнікі княжацкага роду Мацей і Мікалай Радзівілы. У другой палове дня ўрачыстасці перамясціліся ў палац. У Гетманскай зале адбылася прэзентацыя двух навуковых выданняў: зборніка артыкулаў “Мікалай Радзівіл Чорны: палітык, дыпламат, мецэнат”, падрыхтаванага ДУ “НГКМЗ “Нясвіж”, і пераклада на беларускую мову манаграфіі польскага навукоўца Томаша Кемпы “Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка, віленскі ваявода”, выдадзенага замкавым комплексам “Мір”.

Як адзначыў у сваім выступленні Мацей Радзівіл, гэтыя дзеячы XVI – XVII стст. увасабляюць два бакі колішняй велічы роду: Чорны – палітычную магутнасць, Сіротка – імкненне да культурных пераўтварэнняў. Вельмі важна, што, дзякуючы рабоце гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў, перакладчыкаў, беларускі чытач можа больш дазнацца пра гэтых дзяржаўных дзеячоў і іх унёсак у нашу гісторыю.

Мацей Радзівіл не абмежаваўся цёплымі словамі ў адрас арганізатараў імпрэзы. Ён перадаў у падарунак музею-запаведніку “Нясвіж” шэраг экспанатаў: партрэт князя Міхала Казіміра Радзівіла (1635 – 1680), генеалагічнае дрэва Радзівілаў і дзве карты – Нясвіжскай ардынацыі міжваеннага перыяда і Вялікага Княства Літоўскага XVII ст. Дарэчы, апошняя,  у свой час, была выдадзена менавіта па ініцыятыве М. К. Радзівіла Сіроткі.

Пра Сіротку, як пра заснавальніка нясвіжскага кнігазбору, згадаў у прамове і дырэктар Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусі С. І. Квачан. Гаворачы пра неабходнасць вывучэння радзівілаўскай спадчыны, ён звярнуў увагу на тое, што ўжо зроблена ў гэтым накірунку. Музею-запаведніку былі перададзены лічбавыя копіі кніг з колішніх нясвіжскіх збораў, якія сёння захоўваюцца ў Прэзідэнцкай бібліятэцы. Гэта толькі першы крок сумеснай дзейнасці музея і бібліятэкі. Пагадненне аб супрацоўніцтве Сяргей Міхайлавіч Клімаў і Сяргей Іванавіч Квачан падпісалі ў той жа дзень.

На заканчэнне прысутным, а ў палацы сабралася больш за паўсотню гасцей, быў прадэманстраваны ўнікальны паўдаспех канца XVI ст. Прэзентацыя адбылася ў Залатой зале. 90 гадоў таму гэты экспанат радзівілаўскай калекцыі быў прададзены на аўкцыёне  “Christie’s”  і, здавалася, назаўсёды пакінуў Беларусь. І вось нядаўна артэфакт вярнуўся. З цягам часу яго могуць убачыць усе наведвальнікі нясвіжскага палаца.

Такім чынам, ушанаванне нясвіжскага князя прайшло на годным узроўні. Захаванне памяці пра Радзівілаў, вяртанне страчаных калекцый, вывучэнне жыццядзейнасці колішніх уладароў Нясвіжа будзе своесаблівым помнікам Мікалаю Крыштафу Радзівілу Сіротцы – чалавеку эпохі Рэнесанса, палітыку, вандроўніку, аднаму са стваральнікаў еўрапейскага аблічча нашай краіны.