Выстава «Археалагічныя знаходкі Палаца ...

25.07.2016

З 29 красавіка па 11 верасня 2016 г. запрашаем усіх жадаючых наведаць выставу «Археалагічныя знаходкі Палаца Вялікіх Князёў Літоўскіх. Штодзённасць Віленскага двара» з фондаў музея-палаца Вялікіх Князёў Літоўскіх (Вільня) ў вялікай выставачнай зале Палацавага ансамбля (г. Нясвіж).

Музей-палац Вялікіх Князёў Літоўскіх ў Вільні з'яўляецца надзвычай знакавым месцам для гісторыі дзяржаў, тэрыторыі якіх некалі ўтваралі Вялікае Княства Літоўскае. Рэзідэнцыя Вялікага Князя на працягу некалькіх стагоддзяў заставалася адным з найважнейшых цэнтраў палітычнага жыцця ва Усходняй Еўропе.

Выства "Археалагічныя знаходкі Палаца Вялікіх Князёў Літоўскіх. Штодзённасць Віленскага двара» дае магчымасць пазнаёміцца з тым, як быў уладкаваны побыт уладных людзей у эпоху Гедыміна, Вітаўта, Ягелонаў. Найбагатыя матэрыялы археалагічных даследаванняў, якія праводзіліся на працягу многіх гадоў на тэрыторыі палаца, як нельга лепш распавядаюць нам як дэкаравалася вялікакняская рэзідэнцыя, як яе абаранялі, чым сілкаваліся яе насельнікі, як быў уладкаваны іх побыт.

Выстава складаецца з некалькіх раздзелаў - кафля, кухня, узбраенне, гігіена, ювелірныя вырабы і ўпрыгажэнні. Прадстаўленыя матэрыялы археалагічных раскопак суправаджаюцца багатым тлумачальным матэрыялам, тэкставымі стэндамі, ілюстрацыямі, тлумачальнымі тэкстамі да кожнага раздзела.

Экскурсія па выставе пабудавана такім чынам, каб максімальна поўна расказаць пра побыт вялікакняскай рэзідэнцыі ў XIV - XVII стагоддзях.
Выстава разлічана на ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага і яго ўладароў, навучэнцам і студэнтам, прафесійным археолагам, спецыялістам па матэрыяльнай культуры, шырокаму колу наведвальнікаў.

Кошт уваходнага квітка на выставу - 20 000 бел. руб. (Школьнікі і студэнты - 10 000 бел. руб.)

Кошт экскурсійнага абслугоўвання выставы (45 хв.) - 30 000 руб.

Выставы працуюць штодня з 9.30 да 18.00. Квіткі набываюцца ў касах музея-запаведніка да 17.00

Жадаючым азнаёміцца з выставай не абавязкова набываць квіток на наведванне палацава-паркавага ансамбля! Досыць аплаціць уваходны білет на выставу!

Тэлефоны для даведак: 80177020602, +375295518051, +375291903149.