Спадчына Святой Ефрасінні Полацкай

14.10.2016

Выстава са збораў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

Нябесная абаронца і апякунка Беларусі Еўфрасіння Полацкая стала першай усходнеславянскай жанчынай, якую кананізавала праваслаўная царква і адзінай Святой, якую прызнаюць усе хрысціянскія канфесіі. Сілай Веры, Дабра і Мудрасці яна спрыяла ўсталяванню міра ў Полацкай зямлі, распаўсюджванню асветы, хрысціянскага ладу жыцця.

Наблізіўшы да сябе выдатных майстроў (архітэктар Іаан, ювелір Лазар Богша). Еўфрасіння стала першай жанчынай, якая заснавала манастыр, збудавала храм, для якога замовіла сусветна вядомы ўзвіжальны крыж, атрымала цудатворны абраз Божай Маці, напісаны евангелістам Лукой.

Скончыўшы зямны шлях у Святой зямлі, праз некалькі стагоддзяў прападобная Еўфрасіння здабыла спакой у сваім полацкім прыстанку, духоўна спалучыўшы Канстанцінопаль, Ерусалім, Кіеў і Полацк.

Пры жыцці Святой Еўфрасінні Спаса-Прэабражэнскі храм быў распісаны фрэскамі, якія ў поўным аб’ёме захаваліся да нашых дзён. Ансамбль фрэсак уяўляе абсалютна ўнікальную з’яву ў культурнай спадчыне Старажытнай Русі. Па паўнаце захаванасці першапачатковай дэкарацыі Спаскую царкву можна параўнаць толькі з ансамблямі Кіеўскай Сафіі (1040-я гг.) і сабора Мірожскага манастыра ў Пскове (каля 1140 г.).

Сцены ў сярэдзіне храма, на якія нанесены сярэдневяковыя фрэскі, неаднаразова пакрывалі беллю, слаямі тынкоўкі і новым алейным роспісам. Апошні роспіс, зроблены ў 1885 г., уяўляе сабою цэльны ансамбль, які валодае гістарычнай і мастацкай вартасцю. Дзякуючы распрацаваным тэхналогіям адслаення жывапісу два апошнія слаі атрымалася захаваць.

Метад адслаення жывапісу ХІХ ст. ад фрэсак ХІІ ст. у Спаскай цэркве Еўфрасіньеўскага манастыра Полацка і перанос фарбавага слоя запісу на новую аснову дазваляе захаваць абодва жывапісных слоя – першапачатковы і абноўлены, які таксама з’яўляецца аб’ектам мастацкай спадчыны.

Музеефікацыя адслоенага алейнага жывапісу XVIII – XIX стст. дазваляе паказаць у поўным аб’ёме гістарычную і мастацкую вартасць ункальнага помніка архітэктуры – Спаса-Прэабражэнскага храма Спаса-Еўфрасіньеўскага манастыра ў Полацку.