Выстава «Апладысменты скрозь стагоддзі»

26.10.2016

       З 1 лістапада 2016 г. па 15 студзеня 2017 г. у Малой Выставачнай зале сектара "Палацавы ансамбль" будзе праходзіць выстава «Апладысменты скрозь стагоддзі».

      У XVIII стагоддзі тэатр у Нясвіжы існаваў як лад жыцця, дэманстраваў веліч і багацце двара. Стварэнне арыгінальнага рэпертуару звязана з імем Францішкі Уршулі Радзівіл. Яна напаўняла свае п'есы мясцовым каларытам, фальклорам, фактамі з жыцця Нясвіжа.

        Выставачны праект "Апладысменты скрозь стагоддзі" прысвечаны 270-годдзю з дня першай пастаноўкі тэатра Францішкі Уршулі Радзівіл. Праз дэманстрацыю прадметаў і дакументаў, звязаных з тэатральным жыццём таго часу, ён закліканы перанесці наведвальнікаў у Нясвіжскі палац XVIII стагоддзя, дзе падчас святочных вечароў гасцей забаўляюць танцамі, песнямі і жартоўнымі гісторыямі... Таксама выстава паказвае, як сёння прадстаўлена рэканструкцыя тэатральных відовішчаў Нясвіжскага замка ў культурным жыцці Беларусі (на прыкладзе спектакля ў Нацыянальным акадэмічным тэатры ім. Я.Купалы).

        Кошт уваходнага квітка - 1.00 BYN / 10 000 BYR (Школьнікі і студэнты - 0,50 BYN / 5 000 BYR).

        Кошт экскурсійнага абслугоўвання (30 хвілін) - 3.00 BYN / 30 000 BYR.

   Выстава працуе з 9:30 да 18:00. Квіткі можна набыць у касе музея да 17:00. Наведвальнікам, якія жадаюць паглядзець толькі выставу, не абавязкова набываць уваходны квіток на наведванне Палацава-паркавага ансамбля, дастаткова набыць квіток на выставу!