Экспанат месяца — музей-запаведнік «Нясвіж»
Экспанат месяца

Экспанат месяца

 ТАЛЕРКА


                  Тарелка.jpg      


Талерка; Францыя; 1880-я гг.; фарфор; фармоўка; паліва; пазалота; роспіс поліхромны; d - 23,5 см.

        Талерка сталовая з фестончатым краем, па якім нанесены раслінна-геаметрычны арнамент і адводка золатам. Люстра круглае, плыткае, барты нешырокія, па цэнтру дэкаравана геральдычным поліхромным малюнкам княжаскага герба Мікалая Радзівілла Чорнага ( XVI ст.). На княжаскай мантыі, пад каронай, у сінім картушы выява чорнага арла, на грудзях якога шчыт, падзелены на чатыры палі. У першым, чырвоным полі — герб   роду Радзівілаў “Трубы”, у другім полі, на сінім фоне — герб па мацярынскай лініі роду Кішак  “Дамброва”, у трэцім і чацвёртым полі — гербы бабуль па мяцярынскай і бацькоўскай лініі — “Вадвіч” (Мантыгірдаў) і “Ляліва” (Манівідаў).

     На донцы чырвонае надпаліванае круглае кляймо парыжскага мастака-дэкаратара Juliena Fils Aine. У знешнім крузе надпіс: “Julien Fils Aine 63 F2 POISSONNIERE”, ва ўнутраным – выява медалю 1-га класа парыжскай выставы 1855 г., на аверсе медаля – профіль імператара Напалеона ІІІ”.

      Julien Fils Aine – вядомы мастак-дэкаратар фарфоравых вырабаў у Парыжы ў  19 стагоддзі. Сярод яго работ — сталовы сервіз з рускім імператарскім арлом, прызначаны для летняй рэзідэнцыі ў Паўднёвай Францыі ў час праўлення Аляксандра ІІ.

     Герб Мікалая Радзівіла Чорнага шырока выкарыстоўваўся патомкамі роду ў ХІХ  стагоддзі.  Напрыклад, пры афармленні інтэрьераў Нясвіжскага Палаца, у прыватнасці, ў Зоркавай зале на пячы таксама быў змешчаны на карнізе шафы спальнага гарнітуру ХІХ стагоддзя, заказанага Канстанцінам Радзівіллам для сваёй вілы ў Каннах.