Флаг РБ Герб РБ

Фартыфікацыя паўднёва-заходняга бастыёна

Фартыфікацыя паўднёва-заходняга бастыёна

Паўднёва-заходні бастыён з’яўляецца часткай абарончай сістэмы Нясвіжскага замка. Збудаванне ўзведзена паводле правілаў новаітальянскай фартыфікацыйнай сістэмы ў канцы XVI стагоддзя. Бастыён прызначаўся для размяшчэння артылерыі і жывой сілы падчас абарончых дзеянняў.
Часткай традыцыйнай абарончай архітэктуры XVI стагоддзя была наяўнасць падземных камунікацый. Рознаўзроўневыя падземныя праходы прызначаліся для перамяшчэння жывой сілы і ўзбраення. Часткай канструкцыі верхняй галерэі з’яўляецца прамавугольная стволавая шахта, якая служыла для вентыляцыі і таемнага забеспячэння артылерыйскай батарэі боепрыпасамі. Падача пораху, ядраў і частак амуніцыі на верхнюю пляцоўку бастыёна ажыццяўлялася пры дапамозе спецыяльнага вората з падвешаным на ланцугу трывалым плеценым кошыкам. Падземныя збудаванні аформлены ў выглядзе скляпеністых тунэляў і ўмацаваны цаглянай кладкай, з’яўляючыся яскравым прыкладам абарончага дойлідства канца XVI стагоддзя.


Паўднёва-заходні бастыён у першапачатковым выглядзе існаваў да красавіка 1706 года. Збудаванне было ўзарвана шведскімі войскамі ў перыяд Паўночнай вайны (1700–1721). Цяперашняя канструкцыя ўключае ў сябе аснову бастыёна XVI стагоддзя, якая захавалася на ўзроўні да 2,5 метраў і дакладна паўтарае гістарычныя параметры збудавання. У фартыфікацыях нясвіжскага замка захаваліся курціны (сцены, што злучаюць бастыёны), якія фрагментарна праглядаюцца па перыметры вала. У адпаведнасці з канцэпцыяй сярэдзіны XVIII стагоддзя пры рэканструкцыі абарончага замка ў палацавы ансамбль, курціны былі засыпаны грунтам і засеяны травой.
Вугал бастыёна ўпрыгожвае вежачка-бартызана, якая прызначалася для забеспячэння кругавога агляду, назірання за ворагам і вядзення прыцэльнага агню ва ўпор.


Вышыня бастыёна складае 23 метры. У аснове збудавання знаходзіцца каменная кладка, скрэпленая вапнавым растворам. Знешняе аздабленне выканана з абліцовачнай цэглы, якая кампенсавала разбуральнае дзеянне ядраў пры абстрэле, а таксама мела дэкаратыўна-эстэтычнае значэнне ў комплексе ансамбля.
Казематная вежа паўднёва-заходняга бастыёна прызначалася для захоўвання боепрыпасаў і размяшчэння артылерыйскіх гармат. Вежа, убудаваная ў бастыён, мела два ярусы. Гарматы прыстрэльваліся такім чынам, каб уначы мелася магчымасць абараняць подступы да замкавага маста і тэд-дэ-пона (перадмаставога ўмацавання) без дадатковай наводкі. Замкавы мост меў часткова пад’ёмную канструкцыю, якая, узнімаючыся, зачыняла створ брамы. Стацыянарны мост сучаснай канструкцыі быў узведзены ў 1914 годзе.