Нясвіжская ратуша — музей-запаведнік «Нясвіж»
Флаг РБ Герб РБ

Нясвіжская ратуша

«З найбольш цікавых муроў Нясвіжа трэба назваць гарадскую ратушу, высокая вежа якой колькі дзесяткаў гадоў узвышалася над іншымі вежамі горада, але, пашкоджаная пажарам, была няўдала прыкрыта дашкам, нечым падобным на каптурык, і замест колішняй велічнасці мае цяпер смешны выгляд» Уладзіслаў Сыракомля

Нясвіжская ратуша — помнік архітэктуры XVI–XVIII стст., з’яўляецца самай старой сярод будынкаў аналагічнага тыпу, якія захаваліся на тэрыторыі Беларусі. Яе будаўніцтва пачалося неўзабаве пасля таго, як Нясвіж атрымаў магдэбургскае права — права на самакіраванне. 18 чэрвеня 1586 г. Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка выдаў прывілей, у якім былі падрабязна распісаны правы і абавязкі гараджан: яны атрымалі ў бязвыплатнае карыстанне надзелы, на якіх стаялі дамы; права бесперашкоднага гандлю ва ўсіх гарадах Рэчы Паспалітай; даходы ад бровараў, крамаў, лазняў паступалі ў гарадскі скарб. За гэта нясвіжане былі абавязаны прыняць удзел ва ўзвядзенні гарадскіх умацаваняў і збудаваць за ўласны кошт ратушу, у якой размяшчаліся органы гарадскога самакіравання (магістрат). Ужо ў 1596 г. ратуша была ўзведзена. На гравюры Тамаша Макоўскага добра бачны яе прамавугольны ў плане двухпавярховы будынак з шасціяруснай вежай, на якой быў усталяваны гадзіннік. На думку некаторых даследчыкаў, аўтарам праекта ратушы з’яўляецца італьянскі дойлід Ян Марыя Бернардоні, які таксама кіраваў будаўніцтвам езуіцкага касцёла Божага Цела і калегіума.

На працягу XVII—XVIIІ стст. ратуша была сімвалам гарадскіх свабод. Тут размяшчалася канцылярыя пісара (дзе захоўвалася гарадская пячатка), архіў з бягучай дакументацыяй і важнейшымі прывілеямі, скарбніца (тут, сярод іншага, у вялікіх куфрах захоўвалася маёмасць сірот да часу дасягнення імі паўналецця), вагавая (дзе знаходзіліся гарадскія эталоны мер). Галоўнымі памяшканнямі другога паверха былі: вялікая зала для пасяджэнняў магістрата (зала рады) і т. зв. «судовая палата» . Як правіла, гэтыя пакоі адрозніваліся багатым аздабленнем. У падвалах былі склады супрацьпажарнага інвентара і зброі для гарадскога апалчэння; турма і пакой для варты. На першым паверсе размяшчаліся крамы, якія належалі гораду і здаваліся ў арэнду купцам. З двух бакоў каля ратушы былі пабудаваны гандлёвыя рады.

Знешні выгляд ратушы неаднаразова мяняўся. У 1752 г. яе перабудавалі ў стылі позняга барока. Тады ж перад будынкам узвялі «ломаную» каменную лесвіцу на мураваных слупах, якая вяла з плошчы непасрэдна на другі паверх. Гандлёвыя рады былі прадоўжаны за ратушу, дзе злучаліся, акружаючы яе з трох бакоў, утвараючы П-падобны замкнёны дворык.

19 ліпеня 1836 г. у Нясвіжы адбыўся вялікі пажар. Агонь знішчыў праваслаўную царкву, каля 100 жылых дамоў, 44 крамы. Моцна была пашкоджана ратуша: цалкам згарэлі ўвесь другі паверх і чатыры верхнія ярусы вежы. З палаючага будынка бурмістр горада ледзьве паспеў вынесці «скрынку з казённымі грашыма, прывілеямі і частку архіва».

У гарадскім бюджэце не хапала сродкаў на капітальны рамонт, таму праходзілі толькі эпізадычныя аднаўленчыя работы. Нягледзячы на гэта, палова ратушных памяшканняў не мелі падлогі, вокан і дзвярэй. На першым паверсе дзейнічалі склады і крамы, якія здавалі ў арэнду. Зала рады на другім паверсе была пераабсталявана пад царкву, звыш 10 гадоў тут праходзілі богаслужэнні. У ацалелых пакоях адбываліся пасяджэнні гарадской думы. У кастрычніку 1863 г. Мінская губернская ўправа прапанавала прадаць будынак з публічных таргоў, як “не приносящий пользы”. Тым не менш, ратуша захавалася і нават дачакалася на мяжы ХІХ–ХХ стст. сур’ёзнага рамонту.

У ёй размясціліся органы гарадской улады, склады, крамы, паліцэйская казарма, арыштанцкая. У былой зале рады ставілі спектаклі (нават прымалі салістаў Варшаўскай оперы) і арганізоўвалі сямейныя вечары адпачынку, на лоджыі былі зроблены месцы для ганаровых гасцей. У наступныя перыяды мяняліся толькі функцыі ўнутраных памяшканняў. У 1919–1939 гг. тут размяшчаліся павятовае стараства, паліцэйскае і гарадское ўпраўленні. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ратушу перарабілі ў раённы Дом культуры, пазней тут дзейнічалі Дом піянераў і бібліятэка.

З 1997 па 2004 гг. праходзіла рэстаўрацыя архітэктурнага помніка. У выніку фасад набыў свой першапачатковы выгляд, былі адноўлены верхнія ярусы вежы з гадзіннікам, у інтэр’ерах другога паверха дзейнічае экспазіцыя, прысвечаная гісторыі гарадскога самакіравання, на першым паверсе – сямейнае кафэ «Батлейка» з дзіцячай гульнёвай залай.