Гэта адзіная брама з пяці, што існавалі ў горадзе ў сістэме гарадскіх умацаванняў у канцы XVI — пачатку XVII стст.
Паводле гравюры Томаша Макоўскага пачатку XVII ст. першапачаткова Слуцкая брама мела выгляд невялікай вежы з чатырохсхільным дахам. Ад дамбы яна аддзялялася пад’ёмным мастом. Падчас вайны 1654–1667 гг. гарадскія ўмацаванні, у тым ліку і гарадскія брамы, былі значна пашкоджаны. У 1700 г. (па некаторых крыніцах у 1760 г.) Слуцкая брама перабудавана ў стылі барока.
Паводле інвентароў на першым паверсе брамы знаходзілася каморка для варты і чыноўніка. Кожны, хто ўваходзіў ці заязджаў у горад, павінен быў заплаціць мытны збор. На другім паверсе размяшчалася капліца Божай Маці.
У 70-я гг. ХХ стагоддзя на Слуцкай браме былі праведзены рэстаўрацыйныя работы: адноўлены фасады і дах, дубовыя дзверы, вокны, лесвіца на другі паверх, гаўбец на фасадзе з боку горада.
У 2006-2007 гадах праведзены капітальны рамонт помніка архітэктуры XVI-XVIII стагоддзяў Гарадской Слуцкай брамы, добраўпарадкавана тэрыторыя вакол помніка. Работы праводзіліся за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.
У цяперашні час там дзейнічае часовая экспазіцыя, якую наведаць Вы можаце ў летні сезон.