Паркі
«Ніводнага дрэва, поўная галеча: толькі дзве старыя грушы, верагодна, маркіроўка былых межаў, і больш за сто дробных шэрых будак, неабходных для мясцовых жыхароў, былі тымі рэдкімі кропкамі, на якіх спыняўся позірк...» Марыя Дарота дэ Кастэлян
Першыя крокі па заснаванні нясвіжскіх паркаў былі зроблены ў часы Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі. Ужо тады каля замка быў разбіты невялікі «італьянскі сад». У часы Міхала Казіміра Рыбанькі недалёка ад палаца быў закладзены парк «Кансаляцыя» (суцяшэнне), які адносіўся да «французскіх паркаў», а проста каля замкавых сцен — высаджаны невялікія сады.
З дзейнасцю Марыі Дароты дэ Кастэлян звязаны новы этап гісторыі нясвіжскіх паркаў. У 1865 г., калі княгіня ўпершыню наведала горад, прыглелая да замку тэрыторыя ўяўляла сабой сумнае відовішча, яе ўпрыгожвалі толькі невялікія крамы, дзе ў базарныя дні ішоў гандаль.
У 1870-х гг. пачаліся рэгулярныя работы па фарміраванні пейзажнага парка, за якім даглядаў запрошаны з Польшчы садоўнік Даніэль Бетхер. Саджанцы паркавых культур дастаўлялі з Берлінскага гадавальніка і лясніцтва Хамінка, пад Клецкам. На замкавых валах былі закладзены кветнікі, для якіх завезены адмысловы гатунак ружаў «Маршал Ньель», зроблены тэрасы і альтанкі для адпачынку. На сённяшні дзень зялёны ансамбль уключае ў сябе 5 паркаў: Замкавы, Стары, Японскі, Англійскі, Марысін. Іх агульная плошча складае 66 гектараў.
У Замкавы парк уваходзяць алеі, якія ідуць уздоўж дамбы і берага абарончага рва. Стары парк размяшчаецца на паўночны-усход ад замка. На момант яго закладкі на гэтай тэрыторыі расла толькі адна таполя вышынёй 28 метраў. Яе можна было бачыць яшчэ на пачатку ХХІ ст., але да нашых дзён дрэва не захавалася (было павалена ўраганам). Сёння аб ім нагадвае мемарыяльны камень, пастаўлены ў часы Марыі Дароты. Другі мемарыяльны камень падкрэслівае заслугі Марыі дэ Кастэлян у заснаванні паркаў, трэці ўяўляе сабой памятны знак у гонар 25-годдзя дзейнасці княгіні Радзівіл па стварэнні паркаў і дабраўпарадкаванні замка. Ён быў пастаўлены ў 1903 г. Існуе легенда, што, калі загадаць жаданне і дакрануца да гэтага каменя, то яно абавязкова спраўдзіцца.
Стары парк быў месцам актыўнага адпачынку гаспадароў замку. Тут была зроблена альтанка, якая выкарыстоўвалася як салярый; тэнісны корт; на Выставачнай паляне арганізоўваліся сезонныя выставы кветак, садавіны, агародніны. Сёння асаблівасцю гэтага парка з’яўляецца вялікая колькасць скульптур, якія з’явіліся адносна нядаўна. Тут усталяваны помнік сабаку, які нібыта ўратаваў на паляванні князя ад раз’юшанага мядзведзя; скульптура «Музыка і анёл» — паводле паэмы Якуба Коласа «Сымон-музыка»; «Чорная дама»; «Русалка». У парку таксама можна бачыць Студню Ундзіны, Гарбаты мосцік. Пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны нагадвае помнік нясвіжскім яўрэям, якія былі расстраляны 30 кастрычніка 1941 г. Тады загінула каля 1500 жыхароў горада і яго наваколля, пераважна старых, жанчын і дзяцей. Раненыя падалі ў загадзя выкапаны роў, разам з забітымі. Іх засыпалі зямлёй, нягледзячы на крыкі і плач. У 1965 г. парэшткі растраляных у Старым парку перапахавалі на гарадскіх могілках. Яшчэ адзін помнік, прысвечаны ваенным падзеям, усталяваны недалёка ад заходняга бастыёна, на брацкай магіле савецкіх воінаў, якія загінулі пры вызваленні Нясвіжа.
У 1992 г. у Старым парку з’явілася Алея памяці, на якой пастаўлены бюсты дзеячаў, звязаных з горадам: князёў Юрыя Нясвіжскага і Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі, гравёра Тамаша Макоўскага, архітэктара Яна Марыі Бернардоні, паэтаў Уладзіслава Сыракомлі і Якуба Коласа.
Японскі парк пачалі ствараць у 1913–1914 гг. Ён павінен быў увасабляць усходнюю экзотыку: пакручастыя сцежкі, сад з карлікавых дрэўцаў, кампазіцыі з камянёў. Аднак работы не былі завершаны, дрэвы не прыжыліся, і сёння гэты парк нічым не адрозніваецца ад іншых.
На супрацьлеглым беразе азёр знаходзяцца Англійскі і Новы паркі. Іх падзяляе дарога, якая ідзе ад дамбы. Новы парк называюць яшчэ Марысіным. Назва звязана з легендай аб каханні князёўны Радзівіл да беднага шляхціча. Гэта самы вялікі нясвіжскі парк, плошча якога — 22 гектары. Захаваўся абеліск у памяць закладкі з надпісам «Marysin 1898». Большую частку Англійскага парка займаў газон, а дрэвы былі высаджаны ў шахматным парадку. Парк быў любімым месцам для конных прагулак княжацкай сям’і.