Нясвіжскі касцёл Божага Цела
Нясвіжскі касцёл Божага Цела з’яўляецца першым помнікам архітэктуры барока на тэрыторыі Усходняй Еўропы. Яго ўзнікненне звязана з дзейнасцю Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі. Выхаваны ў традыцыях рэфармацыйнага веравучэння князь яшчэ ў юнацтве перайшоў у лона каталіцкай царквы і вырашыў усімі сродкамі спрыяць умацаванню яе становішча ў Вялікім Княстве Літоўскім. Для барацьбы з рэфармацыяй ён запрасіў у Нясвіж ордэн езуітаў. У 1584 г. Сіротка заснаваў езуіцкі калегіум, якому перадаў маёнтак Ліпск з мястэчкам і шэраг вёсак.
Некалькі раней, у 1581 г., пачалося будаўніцтва мураванага касцёла, але манахам не спадабаўся яго знешні выгляд, які не адпавядаў новым канонам будаўніцтва каталіцкіх храмаў. Пасля доўгіх ваганняў амаль скончаны касцёл быў разабраны. З улікам пажаданняў езуітаў, запрошаны італьянскі архітэктар Ян Марыя Бернардоні распрацаваў новы праект. За ўзор быў абраны касцёл Іль Джэзу ў Рыме. 14 верасня 1587 г. віленскі біскуп Юрый Радзівіл заклаў першы камень у падмурак касцёла Божага Цела. На працягу шасці гадоў ішло будаўніцтва, якім кіраваў Бернардоні. М. К. Радзівіл, які добра разбіраўся ў архітэктуры, часта ўносіў змены ў праект. У прыватнасці, настаяў на тым, каб быў зроблены вялікі купал, па ўзоры італьянскіх храмаў. У выніку касцёл атрымаўся больш велічным і пышным, чым першапачаткова хацелі айцы-езуіты. 1 лістапада 1593 г. прайшла першая служба, а 7 кастрычніка 1601 г. храм быў урачыста асвечаны.
Паводле архітэктурнага вырашэння касцёл уяўляе сабой трохнефную шасціслуповую крыжова-купальную базіліку, якая ў плане нагадвае выцягнуты лацінскі крыж, з паўкруглым алтарным завяршэннем цэнтральнага нефа і галоўным фасадам у стылі барока. Як паказываюць апошнія даследаванні, вонкавыя сцены касцёла, хутчэй за ўсё, былі аздоблены роспісамі, а не атынкаваныя, як лічылася раней.
Акрамя Мікалая Крыштафа Сіроткі сродкі на храм выдзялялі яго блізкія і сябры. Так, фундатарам галоўнага алтара выступіў клецкі ардынат Альбрыхт Радзівіл, арган быў пастаўлены на сродкі Андрэя Скарульскага, які суправаджаў Сіротку падчас пілігрымкі ў Святую Зямлю.
У сярэдзіне XVIII ст. па ініцыятыве Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі была перабудавана алтарная частка храма, а сцены ўпрыгожаны фрэскамі. Будаўнічымі работамі кіравалі архітэктары Маурыцыо Педэці і Казімір Ждановіч, групу мастакоў узначальваў Ксаверый Дамінік Гескі. На фрэсках былі выяўлены апосталы-евангелісты; святыя; сцэны з жыцця Ісуса Хрыста і Дзевы Марыі; старазапаветныя і алегарычныя сюжэты. Цэнтральным творам з’яўляецца карціна «Тайная вячэра» (7,2×4,5 м.), якая ўпрыгожвае галоўны алтар. Мастацкія работы змянілі ўнутранае аблічча нясвіжскага касцёла. З таго часу яго пачалі называць цудам свету і адносіць да найпрыгажэйшых пабудоў Рэчы Паспалітай. Сучаснікі пісалі: «Увесь свет аб’едзеш, а такой прыгажосці не знойдзеш».
У 1773 г. Папа Рымскі Клімент XIV выдаў булу аб скасаванні ордэна езуітаў. Нясвіжскі калегіум быў ператвораны ў свецкую школу, касцёл стаў парафіяльным. У такім статусе ён працягваў дзейнічаць усё ХІХ ст. Нейкі час выношваліся планы яго перабудовы ў праваслаўную царкву, але да іх рэалізацыі не дайшло.
Гісторыя касцёла ХХ ст. цесна звязана з дзейнасцю ксяндза Рыгора Каласоўскага (1909–1991). З 1939 г. да самай сваёй смерці ён служыў у Нясвіжы. Пачынаў у якасці ксяндза-вікарыя пры дэкану Мечыславу Кубіку, якога расстралялі немцы. У 1942 г. быў арыштаваны і Каласоўскі, але яму пашчасціла апынуцца на волі. Разам з парафіянамі ён перахоўваў касцёльныя рэліквіі. Пасля вызвалення горада, у сціслы тэрмін арганізаваў работы па рамонту купала. У пасляваенны час яго намаганнямі была рэстаўрыравана частка дэкора і абразоў, захаваны фамільны радзівілаўскі некрапаль, праводзіўся вонкавы рамонт будынка. Р. Каласоўскі шчыра служыў веры і людзям, карыстаўся павагай у жыхароў Нясвіжчыны і суседніх рэгіёнаў. У 1990 г. атрымаў званне прэлата ад Папы Рымскага Яна Паўла ІІ. У 2002 г. пасмяротна быў удастоены звання «Ганаровы грамадзянін Нясвіжа».
У сутарэннях касцёла знаходзіцца радзівілаўская крыпта, дзе з пачатку XVII ст. хавалі прадстаўнікоў княжацкага роду. Першае вядомае пахаванне адбылося ў красавіку 1616 г., калі ў крыпту была ўнесена труна Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі. Магчыма, яшчэ раней тут знайшлі спачын яго жонка і дзеці, якія памерлі ў раннім узросце. Апошняя пахавальная цырымонія прайшла 8 чэрвеня 2000 г., калі ў адмысловай нішы быў замураваны прах Антонія Мікалая Радзівіла (1935–1999), які памёр у Лондане. На сённяшні дзень у крыпце налічваецца 70 саркафагаў (адзін з якіх рытуальны), 2 канопы (сасуды з забальзаміраваннымі ўнутранымі органамі) і 1 урна з прахам.