Экспанат месяца
Скульптура Мадонна з Іісусам
Скульптура “Мадонна з Іісусам”
Еўропа; канец XVIII cт.;
гліна; лепка, роспіс;
вышыня - 49,0 см;
У экспазіцыйнай прасторы “Рэлігія і вера” музея-запаведніка “Нясвіж” знаходзіцца скульптура “Мадонна з Іісусам”. Прадмет быў набыты ў прыватнай асобы падчас стварэння экспазіцыі.
Вобраз Мадонны з Дзіцем на аблоках – адзін з самых вядомых, дзякуючы палатну “Сіксцінская Мадонна” Рафаэля Санці, напісанаму ў пачатку XVI стагоддзя. Гэта карціна натхняла безліч мастакоў на стварэнне копій і інтэрпрэтацый у розных жанрах мастацтва. Скульптура выканана з гліны невядомым майстрам высокага ўзроўню. Мае сэнс не толькі высокае майстэрства працы мастака, але і падбор сорту прыроднага матэрыялу, пачынаючы з радовішча, затым якасная яго апрацоўка з вытрымкай усіх тэхналогій.
Мадонна сядзіць на аблоках, левай рукой падтрымлівае дзіця, якое стаіць на яе калене, правай трымае скіпетр. На ёй светла-ружовая туніка, накінуты блакітны мафорый, які спадае з плеч на аблокі. Галава, нахіленая на правы бок, пакрыта белым паланцінам і ўвенчана каронай. Туніка падперазана залацістым пасам. Дзіця Іісус у левай руцэ трымае Дзяржаву. Выраб не мае значных пашкоджанняў, толькі пацёртасці і выцвітанне фарбы, гэта сведчыць аб актыўным бытаванні і пэўнай сакральнасці прадмета.