Складзень “Прасвятая Багародзіца
Складзень “Прасвятая Багародзіца”;
Расійская Імперыя;
ХІХ ст. ;
метал; ліццё.
У фондах музея-запаведніка знаходзяцца прадметы рэлігійна-культавага прызначэння: абразы, крыжы, складні. Прадстаўлены ўвазе прадмет – складзень. Складні - невялікія абразы, якія насілі на целе ў падарожжах, ваенных паходах. Яны складаюцца з двюх-трох створак, з разнастайнай іканаграфіяй, часцей за ўсё сустракаюцца выявы Іісуса Хрыста, Багародзіцы, святых, або падзеі са Святога пісання.
Складзень “Прасвятая Багародзіца” - 3-х створкавы. Шырыня левай і правай створак складня роўныя палове цэнтральнай часткі, што дазваляе зачыняць срэднік (цэнтральную частку) абедзвюма створкамі адначасова. Створкі рухома злучаны: па вуглах срэдніка размешчаны вушкі, у якія прадзеты шціфты бакавых створак. Наверша купалападобнае. Такі складзень капіруе форму Царскай брамы, якая размяшчаецца перад алтаром храма. Поле срэдніка абмежавана прамавугольнай рамкай з геаметрычным арнаментам. У цэнтры срэдніка, упрыгожанага раслінным арнаментам, выява Прасвятой Багародзіцы з Дзіцем. У навершы - выява Спаса Нерукатворнага. На левай створцы выявы: "Уваход Гасподзень у Іерусалім" і "Срэценне Гасподне". На правай створцы:"Уваскрасенне Хрыстова" і "Узнясенне Гасподне". У палях навершаў створак кампазіцыя "Благавешчанне".
Адваротны бок трыптыха гладкі, шліфаваны.