Рода Радзівілаў

Радзівілы — магнацкі род Вялікага Княства Літоўскага, прадстаўнікі якога ў XV–XVIII стст. займалі важнейшыя дзяржаўныя, адміністрацыйныя і вайсковыя пасады. Імкнучыся падкрэсліць сваю знатнасць Радзівілы стварылі легенду, паводле якой пачынальнікам роду лічыўся рымскі патрыцый Дорспрунг. Сучасныя даследчыкі лічаць, што род паходзіць ад Сірпуція і яго сына Осціка — аднаго з найбольш уплывовых магнатаў пачатку XV ст., паплечніка вялікага князя Вітаўта. Осцік меў некалькі сыноў. Адзін з іх — Станька — працягнуў род Осцікаў, другі — Радзівіл — стаў пачынальнікам новай фаміліі. Род Осцікаў згас на самы пачатку XVII ст. Род Радзівілаў існуе дагэтуль. На генеалагічным дрэве, складзеным у 2015 г., пералічана 448 прадстаўнікоў фаміліі, пачынаючы з 1380 г. да нашых дзён. У якасці родавага сімвала выкарыстоўваецца герб «Трубы» (тры паляўнічых ражка, злучаных мундштукамі), які Осцік атрымаў у 1413 г.

У часы Вялікага Княства Літоўскага прадстаўнікі роду займалі важнейшыя дзяржаўныя пасады. Сем Радзівілаў былі канцлерамі ВКЛ (фактычнымі кіраўнікамі ўраду). Альбрыхт Станіслаў (1593–1656) знаходзіўся на гэтай пасадзе 33 гады, з 1623 па 1656 г. саступаючы толькі Льву Сапегу, які валодаў канцлерскай пячаткай 34 гады, і значна пераўзыходзячы ўсіх астатніх канцлераў Вялікага Княства. Сем Радзівілаў мелі булаву польнага або вялікага гетмана (галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі). Сярод іх Юрый Радзівіл па мянушцы Геркулес (1480–1541), які атрымаў перамогі над татарамі і маскавітамі ў 30 бітвах. Дванаццаць Радзівілаў былі віленскімі ваяводамі. З 1413 па 1795 г. прадстаўнікі роду знаходзіліся на гэтай пасадзе 140 гадоў. Двое Радзівілаў былі віленскімі біскупамі (Войцэх з 1507 па 1519 гг., Юрый — у 1581–1591 гг.). Барбара Радзівіл (1520–1551) 7 снежня 1550 г. была каранавана ў Кракаве, як каралева Польшчы.

Пасля таго, як Вялікае Княства Літоўскае знікла з палітычнай карты, прадстаўнікі роду ўваходзілі ў склад арыстакратыі Расіі, Прусіі, Аўстрыі, валодалі маёнткамі ў Францыі і Італіі. У ХХ ст. Станіслаў Альбрыхт Радзівіл (1914–1976) стаў сваяком прэзідэнта ЗША Джона Кэнэдзі. У нашы дні прадстаўнікі роду жывуць у шэрагу краін Еўропы і Амерыкі.

Ужо да сярэдзіны XVI ст. Радзівілы валодалі землямі на тэрыторыі некалькіх сучасных краін. У Беларусі ім належалі: Давыд-Гарадок, Клецк, Койданава, Копысь, Мір, Нясвіж, Чарнаўчыцы, Шчучын, мноства вёсак. На Украіне — Алыка з ваколіцамі, у Польшчы — Шыдловец з прылеглымі паселішчамі, у Літве — Біржы, Дубінкі, Кейданы і інш. У 1567 г. са сваіх уладанняў Радзівілы выстаўлялі ў войска ВКЛ 939 коннікаў і 1586 пехацінцаў. З цягам часу да іх перайшлі ўладанні на Падляшшы (Белая), Львоўшчыне (Жоўква), Слуцкае княства, дзякуючы чаму яны сталі багацейшымі магнатамі Рэчы Паспалітай. З 1650 г. Радзівілам належалі землі на тэрыторыі сучаснай Расіі (гарады Невель і Себеж).

Сыны Мікалая Старога (?—1509) сталі пачынальнікамі трох галін роду.

  • Старэйшая лінія князёў на Гонязі і Мядзеле праіснавала кароткі час. Яе заснавальнік Мікалай Радзівіл (1470–1521) упершыню атрымаў ад імператара Максіміліяна Габсбурга тытул князя Святой Рымскай Імперыі. Нягледзячы на тое, што ён пакінуў пасля сябе трох дачок і трох сыноў, лінія згасла ў 1542 г.
  • Сярэдняя лінія князёў на Біржах і Дубінках, або біржанская. Яе пачынальнікам быў гетман Юрый Радзівіл (1480–1541). Прадстаўнікі гэтай лініі дасягнулі найбольшых поспехаў у палітычным жыцці. З 1547 г. яны насілі тытул князёў Святой Рымскай імперыі. Менавіта з яе паходзіла каралева Польшчы Барбара Радзівіл, пяць вялікіх гетманаў, чатыры віленскія ваяводы. Уладанні гэтай галіны былі сканцэнтраваны ў сучаснай Літве і на Случчыне. Лінія згасла ў 1669 г. пасля смерці яе апошняга прадстаўніка Багуслава Радзівіла (1620–1669). Усе ўладанні перайшлі ў рукі князёў з нясвіжскай галіны.
  • Малодшая лінія князёў на Нясвіжы і Алыцы паходзіла ад Яна Радзівіла па мянушцы Барадаты (1474–1522). Яго сын Мікалай Радзівіл Чорны у 1547 г. атрымаў тытул князя Святой Рымскай Імперыі, які перадаў сваім нашчадкам. З гэтай галіной роду звязана ўзнікненне першых на тэрыторыі Беларусі друкарняў у Брэсце і Нясвіжы, шкляных мануфактур у Налібаках і Урэччы, вытворчасць тканых паясоў у Слуцку, фарміраванне буйнейшых бібліятэчна-архіўных збораў, дзейнасць тэатраў у Нясвіжы і Слуцку. Рэзідэнцыямі «князёў на Нясвіжы і Алыцы», акрамя гэтых гарадоў, былі Клецк, Давыд-Гарадок, Белая. Менавіта з прадстаўнікамі гэтай лініі звязана гісторыя Нясвіжскай ардынацыі.