Ратуша — музей-запаведнік «Нясвіж»
Флаг РБ Герб РБ
Ратуша

Ратуша

Ратуша

Ратуша
Нясвіжская ратуша з’яўляецца найстаражытнай сярод пабудоў гарадскога самакіравання, якія захаваліся на тэрыторыі Беларусі. Прывілей на Магдэбургскае права Нясвіжу падпісаў у Гародні 23 красавіка 1586 г. кароль Рэчы Паспалітай і вялікі князь літоўскі Стэфан Баторый. Гэта давала гораду паўнапраўнае самакіраванне, падатковыя льготы, судовы імунітэт, спрыяльныя ўмовы для працы рамеснікаў і гандляроў. Адначасова Нясвіж атрымаў і свой герб.


alt

Другі прывілей ад 18 чэрвеня таго ж года дараваў гораду ўладальнік Нясвіжа Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка. Паводле яго, гарадское кіраўніцтва было абавязанае пабудаваць «каменную ратушу». Праз 10 гадоў пасля атрымання Магдэбургскага права ў 1596 г., ратуша была пабудавана. Першы графічны малюнак будынка Нясвіжскай ратушы дайшоў да нас праз гравюру Тамаша Макоўскага (каля 1604 г.). Старадаўняя гравюра сведчыць, што на вежы размяшчаўся гарадскі гадзіннік і наглядальная пляцоўка. Будынак магістрата, збудаваны на сродкі і сіламі гараджан, на працягу некалькіх стагоддзяў быў для кожнага члена гарадской абшчыны галоўнай інстанцыяй для рашэння надзённых пытанняў.

У такім жа стылі ў Нясвіжы пабудаваныя і гандлёвыя рады, якія складаюцца са шматлікіх ячэек-крам. У XVII ст. налічвалася 52 каменныя крамы. Паміж імі і будынкам ратушы раней былі праезды, якія закрываліся масіўнымі варотамі. У «магдэбургскі перыяд» (канец ХVІ ст. — 1836 г.) на першым паверсе Нясвіжскай ратушы знаходзіліся гандлёвыя крамы, гарадская важніца, вартаўнічая, склад зброі для гараджан на выпадак небяспекі, адмысловае памяшканне для захоўвання пажарных прылад. Другі паверх адводзіўся пад установы магістрата. Тут размяшчаліся зала рады, судовая зала, зала паседжанняў, архіў, скарбніца, кабінеты войта і бурмістраў, а таксама захоўваўся гарадскі архіў з адміністрацыйнымі кнігамі і прывілеямі, дадзенымі гораду каралямі і Радзівіламі.

Пасля II Сусветнай вайны ў ратушы размясціўся раённы Дом культуры, пазней — Дом піянераў і школьнікаў, дзіцячая бібліятэка.

Падчас Паўночнай вайны ратуша гарэла, яе адбудавалі ў 1752 г. Вялікі пажар 1836 г. нанёс непапраўныя страты пабудове, асабліва пацярпелі памяшканні другога паверху. Вежа зменшылася з шасці да чатырох ярусаў. Менавіта з гэтага часу і да канца XIX ст. ратуша знаходзілася ў запушчаным стане. Рамонтныя працы вяліся з рознай ступенню інтэнсіўнасці, амаль да спынення існавання Расійскай імперыі. З канца XIX ст. і да 1939 г. тут знаходзіліся гарадская Дума, павятовы старастат, паліцэйская і гарадская ўправы.

З 1997 па 2004 гг. на помніку архітэктуры XVI - XVIII стст. Гарадской ратушы праводзіліся рэстаўрацыйныя работы. У выніку фасады будынка набылі свой першапачатковы выгляд, адноўлены верхнія ярусы вежы, зноў (як і ў XVI ст.) вежу ўпрыгожылі гарадскі гадзіннік, інтэр'еры 2-га паверха рэканструяваны пад музейную экспазіцыю «Гарадское самакіраванне Нясвіжа XVIII - першай паловы XIX стст.». Работы праводзіліся за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.