Выданні
Лёс фамільных скарбаў магнацкіх родаў Беларусі: зборнік матэрыялаў Міжнароднага навуковага семінара і Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Нясвіж, 4 кастрычніка 2019 г., Нясвіж, 10 лістапада 2020 г.) / укладальнікі У. У. Караленак, С. М. Клімаў. – Нясвіж: Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”, 2020 г. – 374 с. [16] л. іл.: іл.
Зборнік змяшчае матэрыялы навуковых мерапрыемстваў, праведзеных у 2019–2020 гг. у межах праекта “Захаванне і адаптацыя спадчыны князёў Радзівілаў для развіцця турызму ў Кедайняі і Нясвіжы” праграмы транспамежнага супрацоўніцтва Латвія – Літва – Беларусь у межах Еўрапейскага інструмента суседства. У першай частцы “Зборы і калекцыяніраванне: гісторыя і сучаснасць” змешчаны матэрыялы канферэнцыі “Лёс фамільных скарбаў магнацкіх родаў Беларусі”. Асноўнай тэмай раздзела з’яўляецца гісторыя збораў Нясвіжскага замка ў XVIII–XX стст. Таксама закранаюцца пытанні, звязаныя з лёсам бібліятэкі Храптовічаў, яўрэйскай калекцыі Беларускага дзяржаўнага музея і інш. У другой частцы “Магнаты і вера” пераважна закранаюцца пытанні гісторыі радзівілаўскай крыпты ў касцёле Божага Цела, вынікі яе нядаўніх даследаванняў і сучасны стан. Матэрыялы адлюстроўваюць міждысцыплінарны характар вывучэння гісторыі ўсходнееўрапейскага рэгіёна.
Нясвіжскі замак: падзеі, асобы, спадчына: зборнік матэрыялаў Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Нясвіж, 6–7 верасня 2018 г.) / укладальнікі А. У. Блінец, С. М. Клімаў. – Нясвіж: Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”, 2019 г. – 374 с. [12] л. іл.: іл.
У зборніку змешчаны матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі, прысвечанай 435-годдзю пачатку будаўніцтва Нясвіжскага замка. 29 артыкулаў беларускіх, польскіх, украінскіх, расійскіх даследчыкаў згрупіраваны па 4 тэмах: “Нясвіжскі замак – рэзідэнцыя князёў Радзівілаў”, “Замкі на землях былога Вялікага Княства Літоўскага”, “Род Радзівілаў у гісторыі Усходняй Еўропы”, “Музейная дзейнасць”. У іх закранаюцца пытанні звязаныя з гісторыяй Нясвіжскай, Алыцкай, Небароўскай рэзідэнцый, постацямі асобных прадстаўнікоў роду, рэпрэзентацыі Радзівілаў у мастацкай культуры і музейных экспазіцыях, атрыбуцыі музейных прадметаў і выкарыстанню былых гістарычных аб’ектаў у якасці турыстычных. У навуковае абарачэнне ўводзіцца шэраг раней невядомых або малавядомых звестак.
Выданне разлічана на гісторыкаў, краязнаўцаў, музейных работнікаў.
Модныя дамы ў Нясвіжы: каталог міжнароднай выставы, 4 лютага – 5 красавіка 2020 г. / тэкст А. Блінец, М. Маленда, Б. Наленч-Нінеўская, фота П. Дроздзік, П. Ямскі. – Нясвіж: Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”, 2020 г. – 84 с.
У 2019 г. у Музеі ў Небарове і Аркадыі (Польшча) прайшла выстава “Мода небароўскіх дам”, на якой была прадстаўлена калекцыя ўбораў княгіні Ганны Радзівіл з Любамірскіх (1882–1947). У 2020 г. выставачны праект, дапоўнены шэрагам прадметаў, быў рэалізаваны ў музеі-запаведніку “Нясвіж” пад назвай “Модныя дамы ў Нясвіжы”. Адмыслова да гэтай выставы перапрацаваны і перавыдадзены польскі каталог 2019 г. Для яго беларускай версіі напісаны артыкул “Жанчыны ў гісторыі Нясвіжа і Небарова”, дабаўлены некаторыя фотаздымкі. У каталогу змешчаны выявы адзення і аксэсуараў з гардэробу Ганны Радзівіл, матэрыялы па гісторыі жаночай моды ХІХ – пачатку ХХ стст, аб асаблівасцях работы рэканструктараў адзення. Беларускамоўныя артыкулы забяспечаны рускамоўнымі рэзюмэ.
Кніга-альбом працягвае серыю навукова-папулярных мастацкіх выданняў, якія распавядаюць аб нясвіжскай рэзідэнцыі і ўнікальных калекцыях князёў Радзівілаў. Яна прысвечана вайсковай гісторыі і дазваляе ўявіць усё багацце і шматграннасць збору зброі і даспехаў, які стагоддзямі захоўваўся і папаўняўся ў нясвіжскім замку. Выданне праілюстравана архіўнымі фотаздымкамі, гравюрамі, змяшчае кароткі нарыс гісторыі радзівілаўскай калекцыі, каталогі аўкцыёнаў 1926 і 1928 гг., на якіх часткова былі распрададзены прадметы з нясвіжскіх збораў, фотаздымкі і кароткія апісанні артэфактаў, якія сёння захоўваюцца ў музеях ЗША, Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Германіі, Францыі. Многія з іх упершыню прадстаўлены ўвазе шырокага чытача. Таксама ў альбоме адлюстравана сучасная экспазіцыя арсенала музея-запаведніка “Нясвіж”. Выданне забяспечана тэрміналагічным слоўнікам. Усе матэрыялы прадстаўлены ў трох моўных версіях: беларускай, рускай, англійскай.
У 2018 г. аўтар кнігі Сяргей Егарэйчанка “за значны ўклад у захаванне гістарычнай спадчыны і выданне кнігі-альбома” быў адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.
На старонках першага тома зборніка навуковых прац музея-запаведніка “Нясвіж” змешчаны артыкулы, якія асвятляюць шырокае кола пытанняў: гісторыя радзівілаўскіх партрэтаў, трансфармацыя ўладанняў у Альбе і Заушшы, інвентарызацыя пахаванняў у Нясвіжскім касцёле, жыццяпісы асобных прадстаўнікоў роду, апісанне і гісторыя некаторых прадметаў са збораў музея-запаведніка “Нясвіж”. У раздзеле “Дакументальная спадчына” друкуецца дэкрэт Міхала Казіміра Радзівіла аб мерах супрацьпажарнай бяспекі ад 1 ліпеня 1758 г. і шэраг дакументаў з архіва Нясвіжскай ардынацыі. Асобны раздзел прысвечаны падзеям на Нясвіжчыне падчас Першай сусветнай вайны. Таксама змешчана інфармацыя аб дзейнасці музея-запаведніка.

- 1 (current)
- 2