Гадзіннік
Гадзіннік. Каралеўства Швецыя; канец ХІХ ст.; «FabianHoglund»; h – 95,0 см.
Насценны гадзіннік з боем знаходзіцца ў экспазіцыі «Кабінет княгіні» Нясвіжскага замка. Корпус выкананы ў неакласічным стылі з разнога дрэва, зверху пакрыты алебастрам і пазалотай. Механізм анкерны, заводзіцца раз у восем дзён. Гадзіннік створаны ў канцы ХІХ ст. на шведскай сямейнай фірме «Fabian Hoglund» («Фабіян Хоглунд»).
Фірма заснаваная ў 1873 годзе Карлам і Густавам Фабіянам Хоглундам, першапачаткова мела назву «Carl & Gustav Fabian Höglund». У 1892 г. Карл – член шведскага парламента — пакінуў фірму і адзіным уладальнікам стаў Густаў Фабіян, тады маркіроўка гадзіннікавых механізмаў змянілася на «Fabian Hoglund». Таму аўтарам прадстаўленнага гадзінніка можна лічыць Густава Фабіяна Хоглунда.
На цыферблаце прысутнічаюць надпісы, зробленыя лацінскімі вялікімі літарамі: уверсе — «F. Hoglund»; унізе — «Stokholm». Круглы цыферблат з арабскімі лічбамі, дзвюма стрэлкамі ўсталяваны на прамавугольнай рамцы, скрозь якую праглядаецца рух мятніка. Цыферблат упрыгожаны пышным разным дэкорам са стужак, калчана са стрэламі, лаўровага вянка. З двух бакоў цыферблат падтрымліваюць два грыфоны — міфалагічныя крылатыя істоты, з тулавамі ільвоў, галавамі арлоў, якія сімвалізуюць магутнасць, уладу, пільнасць, хуткасць і сілу.