ШТОФ — музей-запаведнік «Нясвіж»
Флаг РБ Герб РБ

ШТОФ

aa


Штоф; Расійская Імперыя;

канец XVIII - першая трэць ХІХ стст.;

h - 19,3 см; b - 6, 0 х 9,4 см

Адным з самым распаўсюджаных відаў шклянога посуду XVIII стагоддзя быў штоф – гэта чатырохгранная ёмістасць аб’ёмам 1/10 часткі вядра, з пакатымі плечыкамі, кароткім цыліндрычным горлачкам і патоўшчаным вусцем, уяўляла сабой зручную форму для складання штабелямі пры захоўванні і транспартыроўцы напояў.


Большасць штофаў XVIII стагоддзя выдзімалася ў прамавугольную паўформу з дрэва, гліны, медзі альбо чыгуну, вышынёй да плеч будучага вырабу. Унутраная паверхня формы паліравалася і змазвалася графітным парашком. Пасля вымання вырабу з формы, яго прымацоўвалі донцам да понціі – жалезнаму пруту з камячком гарачага шкла на канцы. Затым выцягвалі горлачка і фармавалі венца са жгута гарачага шкла. Калі праца скончана, понція адмачвалася і аддзялялася ад штофа, пакідаючы тэхналагічны скол на донцы. Такі след з’яўляецца своеасаблівай прыкметай перыяду, у які выраблены штоф. Далей тулава аздаблялася гравіраваным малюнкам.

22.png

Гравіроўка – працаёмкая і складаная тэхніка, якая патрабуе ад выканаўцы не толькі мастацкага таленту, але і цвёрдай рукі і зоркага вока. Гравёр працаваў маленькім медным колцам на стрыжні, які круціўся. На пярэднім баку штофа выканана манаграма "АВД" у абрамленні травяністага арнаменту. На адваротным баку гравіраваны цюльпан на доўгай сцябліне з лістамі і вусамі. Бакавыя грані ўпрыгожаны лістом папараці. На плечыках — стужка з расліннага арнаменту.

23.png

Шкляныя прадметы XVIII – XIX стст. можна сустрэць у вітрынах пастаянных і часовых экспазіцый музея-запаведніка.