Адкрыццё часовай экспазіцыі «Пакт Рэрыха — свет праз Культуру» ў Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Нясвіж»
У Нацыянальным гісторыка-культурным музеі – запаведніку «Нясвіж» адбылася цырымонія ўрачыстага адкрыцця часовай экспазіцыі Міжнароднага Цэнтра Рэрыхаў «Пакт Рэрыха — свет праз Культуру», прымеркаванай да 150-годдзя з дня нараджэння Мікалая Рэрыха. Арганізатарам праекта выступіла Міжнародная грамадская арганізацыя «Міжнародны цэнтр Рэрыхаў».
З прывітальным словам да прысутных звярнулася першы намеснік дырэктара музея Наталля Жэрка, падкрэсліўшы значнасць культурнай спадчыны і важнасць работы, якая праводзіцца ў рамках праекта.
Старшыня аддзялення МГА «Міжнародны цэнтр Рэрыхаў» Георгій Шасцірэкаў адзначыў важнасць гэтага праекта і зачытаў зварот да ўдзельнікаў і гасцей выставы ад віцэ-прэзідэнта Міжнароднага Цэнтра Рэрыхаў Аляксандра Стэцэнкі.
Георгій Шасцірэкаў таксама правёў аўтарскую экскурсію па экспазіцыі для супрацоўнікаў музея-запаведніка і дызайнераў-першакурснікаў Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа, што дазволіла паглыбіць разуменне значэння культурнай спадчыны сярод моладзі.
Раздзелы выставы прадстаўляюць найбагацейшы матэрыял аб міжнародным руху ў імя захавання культуры, уключаючы гісторыю стварэння Пакта Рэрыха, унікальныя дакументы, фатаграфіі, інфармацыйныя стэнды, банеры і рэпрадукцыі карцін Мікалая Рэрыха. Экспазіцыя таксама змяшчае ўнікальныя фотаматэрыялы, якія распавядаюць аб трагічнай гібелі помнікаў культуры ў сучасным свеце, а таксама прыклады работы, якая праводзіцца ў нашай рэспубліцы пад кіраўніцтвам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь па захаванні помнікаў культуры.
Выстава адкрыта для наведвання штодня з 9:00 да 18:00 без выхадных да 14 лістапада. Уваход ажыццяўляецца па квітках на пастаянную экспазіцыю палаца.
Падзяліцца ў сацыяльных сетках: