"Крокі да Перамогі" — музей-запаведнік «Нясвіж»
Флаг РБ Герб РБ

"Крокі да Перамогі"

"Крокі да Перамогі"

Вялікую перамогу, нароўні з палкаводцамі і маршаламі, кавалі простыя савецкія людзі. Яны набліжалі гэтую перамогу не толькі сваім гераізмам на франтах і ў партызанскіх атрадах, але і самаадданай, не менш гераічнай працай у глыбокім савецкім тыле, рызыкавалі сваім жыццём, змагаючыся з фашыстамі на акупаваных тэрыторыях.

Сёння ў нашай рубрыцы «Крокі да Перамогі» мы пачынаем публікаваць апаведы супрацоўнікаў музея-запаведніка “Нясвіж" аб сваіх сваяках — удзельніках і сведках той страшнай вайны.

 Сандрозд В.Ф..jpg

"Дзядуля па маці — Сандрозд Васіль Фёдаравіч, 1920 года нараджэння — быў прызваны ў Чырвоную армію пасля вызвалення Беларусі летам 1944 года. Трапіў у мінамётную роту, ваяваў пад Кёнігсбергам. Быў цяжка паранены. Больш за год правёў у шпіталі ў Ташкенце. Мае 2 узнагароды: ордэн Славы III ступені і медаль “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.". Пра вайну не любіў расказваць. Калі задавалі пра вайну пытанні — змаўкаў і паўтараў: «Няхай такое не паўтараецца».

Дырэктар музея-запаведніка “Нясвіж” Яшчанка Дзмітрый Леанідавіч.

 

"Мой прадзед, Буднік Мікалай Фаміч, нарадзіўся ў 1899 годзе ў вёсцы Роскі Сялец Аршанскага р-на Віцебскай вобл.16 ліпеня 1941 года прызваны ў шэрагі РСЧА. Праходзіў службу ў 6 апхп 1-ай Ударнай арміі. З 1943 года —у 126 армейскім ветлазарэце 67 арміі Ленінградскага фронту. Старшы лейтэнант медыцынскай службы. Узнагароджаны медалямі “За абарону Масквы”, “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 - 1945 гг.”, “За перамогу над Японіяй”, ордэнам Чырвонай Зоркі.

Будник Н.Ф..jpg

З прадстаўлення да ордэна Чырвонага зоркі:

"...аказана лячэбная дапамога 1404 чалавекам; своечасова эвакуіравана ў шпіталі цяжкахворых 44 чалавекі; праведзена вялікая праца сярод асабістага складу лазарэта па прафілактыцы супраць захворванняў рознымі хваробамі, а таксама дзякуючы своечасова прынятым мерам на розных месцах дыслакацыі лазарэта і падчас руху ў перыяд наступлення ў лазарэце не было ні аднаго выпадку захворвання інфекцыйнымі хваробамі, ні аднаго выпадку вашывасці; пастаянна правярае асабістую гігіену байцоў, сочыць за якасцю прадуктаў, падрыхтоўкай ежы».

 

Начальнік аддзела экскурсійнай, навуковай і культурнай дзейнасці "Палацавы ансамбль" Буднік Аляксей Міхайлавіч.

 

"Мой дзядуля па лініі бацькі, Анісімаў Сцяпан Аляксеевіч, зусім ненадоўга вярнуўся з фінскай вайны дадому і ўжо праз некалькі месяцаў быў прызваны на Вялікую Айчынную вайну.

Да пачатку войнаў у дзеда было чацвёра дзяцей: Каця, Міша, Вера і Анатоль — мой тата 1938 года нараджэння. Ужо падчас вайны ў таты з'явілася яшчэ адна сястра —Нюрачка — плод нядоўгага знаходжання дзеда дома паміж ваеннымі паходамі. Калісьці тата распавядаў, што яна памерла ад голаду, па-мойму, не дажыўшы да 2 гадоў...

Дзед з вайны не вярнуўся. Загінуў пад Ржэвам 16 снежня 1942 года, быў радавым чырвонаармейцам 178 стралковай дывізіі. Пра гэта яго жонка, Анісімава Пелагея Мікалаеўна, даведалася з пахаванкі... Яму было ўсяго 40 гадоў.

Дарагі дзед!!! Ты нездарма аддаў сваё жыццё! Ужо 80 гадоў мы жывём пад мірным небам, якое захоўваць становіцца ўсё больш складана... Але мы ўсе — твае нашчадкі — свята верым, што нездарма вы змагаліся за шчаслівае дзяцінства сваіх дзяцей, унукаў, праўнукаў! Нізкі вам паклон і вечная памяць!

PS велізарная падзяка стваральнікам сайта “Памяць народа” за нялёгкую, але вельмі многім патрэбную працу!»

 

—   Унучка Анісімава Сцяпана Аляксеевіча, дачка яго сына Анатоля —Нікіценка Ала Анатольеўна, экскурсавод.

Падзяліцца ў сацыяльных сетках: