«ГРАНД КІРМАШ У ПАЛАЦЫ РАДЗІВІЛАЎ» — музей-запаведнік «Нясвіж»
Флаг РБ Герб РБ

«ГРАНД КІРМАШ У ПАЛАЦЫ РАДЗІВІЛАЎ»

«ГРАНД КІРМАШ У ПАЛАЦЫ РАДЗІВІЛАЎ»

29 верасня Нясвіж запрашае на традыцыйнае восеньскае свята — «ГРАНД КІРМАШ у Палацы Радзівілаў»! Гранд кірмаш адбудзецца ў цэнтральным двары Палацавага ансамбля Уваход на кірмаш 2 BYN ПУП «Сандита» — транспартная падтрымка мерапрыемства. Кошт праезду Мінск-Нясвіж-Мінск — 15 руб. Інфармацыя па тэл.: +37529 152 37 28, 8 017 221 81 51 Жыхары і госці Нясвіжа! Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» і Музычны Дом «Класіка» запрашаюць усіх Вас на свята кірмашовае ў заходнебеларускі павятовы горад Нясвіж у 20-30-я гг. мінулага стагоддзя! У выхадныя дні ў кожным мястэчку гудзіць кірмаш. З усіх бакоў люд сцякаецца ў адное цэнтральнае месца: купіць-прадаць-пагуляць-паглядзець, шум-гам ад гулу, музыкі, забаў і танцаў. Вось так і будзе 29 верасня ў палацы Радзівілаў! У кірмашы будзе актыўна удзельнічаць Этнакрама «Рагна», якая прывязе унікальныя аўтарскія вырабы больш чым 40 беларускіх майстроў — сувеніры і падарункі ў беларускім традыцыйным стылі: упрыгожванні, рушнікі, кераміка, рэчы, вырабленыя з дрэва, лазы, саломы, металу, ды увогуле, шмат-шмат усяго для побыту і дабрабыту. А за прысмакі на кірмашы адказвае Свята роднай ежы «УСЁ СВАЁ», якое гэтым разам едзе ў Нясвіж да Радзівілаў! Будзе сапраўднае восеньскае свята ўраджаю ад 20 фермераў і гастраэнтузіястаў са свежым хатнім хлебам, салам, агароднінай, незвычайнымі закаткамі, духмянымі супамі з гарбуза, вяленымі слівамі, травянымі гарбаткамі, сырамі, пасцілой і іншымі прысмакамі для дарослых і дзяцей! Усё можна будзе паспрабаваць і купіць. Але будзьце пільнымі, бо тыя часы ў Заходняй Беларусі былі «ой цікавымі» — не пападзіцеся ў рукі кантрабандыстаў, а то яны маюць здольнасці прадаць «тое, што не трэба». А як Вы набудзеце «тое, што не трэба» — то і крычыце-завіце потым жаўнераў. Часам кантрабандысты называюць сябе артыстамі Тэатра-фрайі вытвараюць розныя цікавосткі: спяваюць песні, расказваюць байкі, сцэнкі паказваюць, акрабатычныя нумары, гандлевыя атракцыёны, дый іншыя правакацыі вытвараюць. Але будзе на кірмашы і легальная кантрабанда ад кавярні "Бутлегер"з напоямі для дзяцей і дарослых! Сустрэнецеся Вы і з Альбрэхтам Радзівілам. Як раз у гэты час з Еўропы да яго ў госці прыязджае дачка Эльжбета, а яна — знакамітая ў сям’і распавядальніца і заўсёды радая забавіць дарагахіх гасцей гісторыіямі з мінулага. Музыка, гульні, забавы кірмашовыя ад Васіля "Вясёлага шляхцюка"— усё будзе як і раней, таму чакаем хуткай сустрэчы з вамі! А галоўнай разынкай кірмашовай праграмы стане бадай што ўнікальная сустрэча гледачоў з самымі сапраўднымі драпежнымі птушкамі — філінам і сакаламі! Аніматары сакалінага двара кампаніі "Сокал У небе«правядуць майстар-класы, раскажуць пра сакалінае паляванне, пра амуніцыю для выхавання лоўчых птушак. Госці змогуць пасадзіць любую з птушак (а іх будзе 5 — філін і чатыры сокалы) на сакальнічыю пальчатку, каб сфатаграфавацца. Усе птушкі прывучаныя да чалавека, яны бяспечныя, неагрэсіўныя. За музыку і танцы на кірмашы адказная капэла традыцыйнай музыкі «На таку». А турыстычная кампанія «Віаполь» гатуе на кірмаш свае незвычайныя сюрпрызы і забавы для ўсіх жадаючых! І не забудзьце, што будзе вельмі добра і цікава для ўсіх нас, калі ў элементах сваёй вопраткі вы паўторыце моду 20-30-х гг. ХХ стагоддзя Заходняй Беларусі. Пачатак дзеі ў 10 раніцы, а заканчэнне а 19 гадзіне. Да сустрэчы ў мінулым стагоддзі ў мястэчку княжаскім — Нясвіжы! Даведкі па тэл: (01770) 20602, (01770) 20660; +375 29 5518051, маб. тэл.+375 29 1903149.

Падзяліцца ў сацыяльных сетках: