Лепшых знаўцаў гісторыі і культуры Нясвіжа вызначылі ў замку Радзівілаў
VIII алімпіяда па гісторыі і культуры Нясвіжа "Мой горад — мая любоў" адбылася ў канферэнц-зале аддзела экскурсійнай, культурнай і навуковай дзейнасці "Палацавы ансамбль". Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж" і аддзел адукацыі, спорту і турызму Нясвіжскага райвыканкама.
Па традыцыі, першы тур алімпіяды праходзіць дыстанцыйна. Сёлета ў ім прынялі ўдзел 123 навучэнцы з 13 раёнаў. Другі тур краязнаўчай алімпіяды адбыўся 17 траўня ў канферэнц-зале музея-запаведніка "Нясвіж". У ім прынялі ўдзел 30 хлопчыкаў і дзяўчынак (вучні 7-9 класаў) з Барысаўскага, Маладзечанскага, Уздзенскага, Пухавіцкага, Вілейскага, Любанскага і Нясвіжскага раёнаў.
Школьнікам былі прапанаваны самыя разнастайныя і дастаткова складаныя пытанні аб архітэктурных і скульптурных помніках Нясвіжа, асноўных гістарычных падзеях, легендах, знакамітых людзях старажытнага горада, а таксама творчае заданне.
Пераможцамі і прызёрамі алімпіяды сталі 9 удзельнікаў. Так, Дыпломамі I ступені ўзнагароджаны Іван Кузняцоў і Надзея Хаванская (СШ №3 г. Нясвіжа).
Дыпломы ІІ ступені заваявалі Лізавета Раманоўская (Нясвіжская гімназія) і дзве прадстаўніцы СШ №3 г. Нясвіжа — Мілана Сташэўская і Міраслава Урыцкая.
Дыпломы ІІІ ступені атрымалі гімназісткі-нясвіжанкі Ульяна Марцінаўская і Кацярына Воўчак, а таксама навучэнка Уздзенскай раённай гімназіі Сафія Пацяраева і Мацвей Прахорык са Стараюрковіцкай СШ Любанскага раёна.
Усе ўдзельнікі алімпіяды па гісторыі і культуры Нясвіжа "Мой горад — мая любоў" ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі ад арганізатараў
Падзяліцца ў сацыяльных сетках: