У Нясвіжскім замку пройдзе мерапрыемства ў гонар архітэктара Джавані Бернардоні
Выбітны італьянскі архітэктар Джавані Марыя Бернардоні шмат спрычыніўся да фарміравання знешняга аблічча Нясвіжа. Касцёл Божага Цела і Нясвіжскі палац, у будаўніцтве якіх ён прымаў удзел, сёння ўнесены ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Аднак, перад тым, як прыехаць у Беларусь, Бернардоні з 1578 па 1583 г. жыў і працаваў на Сардзініі, дзе ў гарадах Кальяры, Сасары, Іглезіасе захаваліся ўнікальныя архітэктурныя комплексы, збудаваныя пад яго кіраўніцтвам.
У праграме мерапрыемства выступленне творчага калектыва «Тэнорэс Su Cunsonu Santu Juanne de Thiesi». Тэнорэс — стыль сардзінскіх харавых спеваў, які зарадзіўся яшчэ ў дахрысціянскую эпоху. Рэлігійныя песні ў выкананні тэнорэс былі папулярнымі і ў XVI ст., таму не выключана, што Бернардоні мог неаднаразова іх чуць падчас свайго знаходжання на Сардзініі. У 2005 г. спевы сардзінскіх тэнараў былі ўнесены ў Спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА як узор унікальнасці і прыгажосці. З улікам гэтага выступленне харавога калектыву ў залах Нясвіжскага палаца — помніка сусветнай спадчыны, набывае асаблівы сімвалізм.
З навуковымі дакладамі выступяць мастацтвазнаўца і арт-крытык Джорджа Пеллегрыні («Джавані Марыя Бернардоні і яго роля ў езуіцкай архітэктуры на Сардзініі, 1578–1583 гг.») і старшы навуковы супрацоўнік музея-запаведніка «Нясвіж» Аляксандр Яраш («Нясвіжскі езуіцкі калегіум: гісторыя, вывучэнне і перспектывы даследаванняў»).
Падчас семінара будзе працаваць фотавыстава «Джавані Марыя Бернардоні на Сардзініі», дзе можна ўбачыць вынікі працы Бернардоні на гэтым італьянскім востраве і параўнаць іх з беларускімі работамі. Напрыклад, купал рэлігійнага комплекса Сан-Мікеле ў Кальяры не выпадкова так падобны на «галаву» храма Божага Цела ў Нясвіжы.
Уваход на мерапрыемства вольны.
Падзяліцца ў сацыяльных сетках: