Часовая экспазіцыя “Фарбы зямлі”
З 3 жніўня па 30 верасня ў зале Інфармацыйна-касавага цэнтра Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” дзейнічае часовая экспазіцыя твораў Леаніда Гоманава “Фарбы зямлі”. На выставе прадстаўлены работы ў маляўнічым пейзажным жанры.
Зазіраючы ў мінулае ці ў будучыню, мастак адлюстроўвае рэальнасць, дае волю фантазіі, а часам пералівае фарбы ў настроі. Мастацкі свет Леаніда Гоманава дзівіць сваім багаццем, насычанай палітрай. Менавіта таму яго працы, якія прадстаўлены ў часовай экспазіцыі, дазваляюць атрымаць асалоду ад унікальных краявідаў. Дарогі, неба, аблокі з'яўляюцца важнымі дэталямі ў кампазіцыі, якія адлюстроўваюць глыбіню і прастор пейзажу. Дзякуючы натуральнаму асвятленню мастак перадае ўсю прыгажосць паветрана-светлавога асяроддзя, якое яго акружае і дорыць гледачу эстэтычнае задавальненне.
Усю гэтую палітру фарбаў наведвальнікі ўбачаць на выставе: час працы — з 9.30 да 18.30. Уваход вольны!