“Разьбяныя карункі” ў Нясвіжскім палацы — музей-запаведнік «Нясвіж»
Флаг РБ Герб РБ

“Разьбяныя карункі” ў Нясвіжскім палацы

24 мая 2019 года ў Малой выставачнай зале Палацавага ансамбля адкрылася выстава работ разьбяра па дрэве Аляксандра Свірыда пад такой назвай.

Аляксандр Свірыд нарадзіўся ў 1946 годзе ў в. Нача Ганцавіцкага раёна. Працаваў на гаспадарчай рабоце, узначальваў Ганцавіцкі райвыканкам, быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь трох скліканняў. Акрамя таго ён праявіў сябе на культурнай ніве: быў адным са стваральнікаў музея Якуба Коласа ў в. Люсіна, дзе паэт настаўнічаў пасля заканчэння семінарыі; ініцыятарам устаноўкі памятных знакаў у гонар пісьменнікаў і паэтаў – ураджэнцаў Ганцаўшчыны.

Разьбой па дрэве пачаў займацца яшчэ ў школе, але ў далейшым быў вымушаны кінуць гэты занятак. Згадаў пра даўняе захапленне ўжо на пенсіі, калі захацелася зрабіць нешта незвычайнае для свайго дома. Пачынаючы з 2010 года, ім створана некалькі дзесяткаў арыгінальных работ: вазы, талеркі, падсвечнікі, карпусы для гадзіннікаў, столікі. На выраб кожнай з іх ідзе ад некалькіх дзён да некалькіх месяцаў. Адметна, што майстар не атрымаў мастацкай адукацыі, што не перашкаджае яму рабіць сапраўдныя шэдэўры, упрыгожаныя разьбянымі карункамі.

Выстава, на якой можна ўбачыць арыгінальныя работы, будзе дзейнічаць да 3 ліпеня 2019 года.