Выстава «Дзівы антычных цывілізацый» — музей-запаведнік «Нясвіж»
Флаг РБ Герб РБ

Выстава «Дзівы антычных цывілізацый»

З 14 чэрвеня 2019 г. па 15 студзеня 2020 г. у Вялікай выставачнай зале Палацавага ансамбля пройдзе выстава «Дзівы антычных цывілізацый»

alt

Цікавасць да Антычнасці, здаецца, не згасала ніколі. У гісторыі старажытных цывілізацый знаходзілі вытокі сучаснай культуры, у ёй чэрпалі натхненне для стварэння новых шэдэўраў. Гэта тэма была блізкай і для многіх уладальнікаў Нясвіжскага замка. Радзівілы цікавіліся працамі антычных філосафаў і гісторыкаў, збіралі старажытныя ўпрыгожванні і манеты, вывучалі грэчаскую мову і латынь. Падчас падарожжаў прадстаўнікі роду маглі бачыць егіпецкія піраміды, месцы, апісаныя ў Бібліі, помнікі часоў Рымскай імперыі.

Сёння наведвальнікі Нясвіжскага палаца могуць убачыць узоры мастацтва ранніх цывілізацый: шумерскай, егіпецкай, старажытнагрэчаскай і старажытнарымскай, артэфакты часоў першых хрысціянскіх суполак, а таксама прасачыць уплыў культуры старажытнасці на больш познія гістарычныя перыяды.

У афармленні выставы выкарыстаны арыгінальныя кнігі з нясвіжскага збору Радзівілаў, прадастаўленыя Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, а таксама арыгіналы і копіі старажытных артэфактаў з прыватнай калекцыі.

 Кошт квіткоў: 2 BYN (школьнікі і студэнты 1 BYN) 

Даведкі па тэлефонах: +375177020602, МТС +375295518051