МІЖНАРОДНАЯ КАНФЕРЭНЦЫЯ «НЯСВІЖСКІ ЗАМАК: ПАДЗЕІ, АСОБЫ, СПАДЧЫНА» — музей-запаведнік «Нясвіж»
Флаг РБ Герб РБ

МІЖНАРОДНАЯ КАНФЕРЭНЦЫЯ «НЯСВІЖСКІ ЗАМАК: ПАДЗЕІ, АСОБЫ, СПАДЧЫНА»

МІЖНАРОДНАЯ КАНФЕРЭНЦЫЯ «НЯСВІЖСКІ ЗАМАК: ПАДЗЕІ, АСОБЫ, СПАДЧЫНА»

6–7 верасня 2018 г. у Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Нясвіж» прайшла міжнародная навуковая канферэнцыя «Нясвіжскі замак: падзеі, асобы, спадчына», прымеркаваная да 435-годдзя пачатку будаўніцтва Нясвіжскага замка. 

Суарганізатарам мерапрыемства выступіў Польскі Інстытут у Мінску. У якасці ганаровых гасцей прысутнічалі князі Мацей і Мікалай Радзівілы, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Польскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Артур Міхальскі. 

Падобнага кшталту канферэнцыі музей-запаведнік арганізуе штогод, але сёлетняя атрымалася асабліва прадстаўнічай. У яе рабоце прынялі ўдзел звыш трыццаці даследчыкаў з Беларусі, Украіны, Польшчы, таксама былі дасланы даклады з Расіі. 

Удзельнікі мерапрыемства прадстаўлялі як навуковыя і навучальныя ўстановы, так і музеі розных краін. Пяць дакладаў агучылі супрацоўнікі Музея ў Небарове і Аркадыі (Польшча), тры — супрацоўнікі Нацыянальнага запаведніка «Хорціца» (Украіна), два — супрацоўнікі музея «Замкавы комплекс «Мір». Пяць дакладаў падрыхтавалі супрацоўнікі музея-запаведніка «Нясвіж». Таксама выступілі прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны, Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, выкладчыкі ўніверсітэтаў Лодзі, Кракава, Катавіцы, Мінска, Луцка, аспіранты айчынных універсітэтаў, незалежныя даследчыкі. 

Тэматыка выступленняў была самай разнастайнай: закраналіся пытанні, звязаныя з роляй роду Радзівілаў у гісторыі Усходняй Еўропы, атрыбуцыяй асобных прадметаў з музейных калекцый, гісторыяй Нясвіжскага замка і лёсам яго збораў, фартыфікацыйнага будаўніцтва на землях ВКЛ, музеефікацыяй помнікаў гісторыі. Шматмоўе (даклады агучываліся па-беларуску, па-польску, па-руску і па-украінску) не перашкаджала разумець адзін аднаго, весці дыскусію і абменьвацца меркаваннямі. 

Для ўдзельнікаў канферэнцыі, многія з якіх упершыню прыехалі ў Нясвіж, была арганізавана насычаная экскурсійная праграма. Госці адзначылі, што Нясвіж ператвараецца ў сур’ёзную навуковую пляцоўку і рэкамендавалі працягваць сустрэчы падобнага кшталту.

Падзяліцца ў сацыяльных сетках: