Музейная педагогіка: абмен меркаваннямі
24 сакавіка на базе Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» прайшоў семінар-практыкум «Музейна-педагагічная дзейнасць: праекты, спецыфіка, вопыт». На ім прагучалі даклады, якія датычыліся пытанняў далучэння падрастаючага пакалення да музеяў, выкарыстання пастаянных экспазіцый і выставак у якасці адмысловых адукацыйных пляцовак, асаблівасцяў прыцягнення аудыторыі. Усе ўдзельнікі адзначалі, што сучасны музей – гэта ўстанова, якая дынамічна развіваецца і максімальна выкарыстоўвае свой патэнцыял для выхавання асобы, папулярызацыі гісторыі і нацыянальнай культуры.
У семінары прынялі ўдзел прадстаўнікі Нацыянальнага гістарычнага і Нацыянальнага мастацкага музеяў Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, замкавага комплекса «Мір». У якасці гасцей прысутнічалі выкладчыкі Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа.
Супрацоўнікі музея-запаведніка «Нясвіж» падзяліліся вопытам экскурсійнай работы з дзіцячай і падлеткавай аудыторыяй, расказалі аб правядзенні гульняў-экскурсіяў па выставачных праектах, прадставілі метадычную распрацоўку для самастойнага азнаямлення сямейных груп з экспазіцыяй ратушы. Асаблівую цікавасць выклікала практычная частка – квэст «Карта сямі каралеўстваў».
Падчас падвядзення вынікаў мерапрыемства было выказана пажаданне зрабіць такого кшталту семінары пастаяннымі, каб у музейшчыкаў была пляцоўка для абмену вопытам і азнаямлення з напрацоўкамі калег.
Відэазапіс асобных выступленняў будзе даступны на сайце музея-запаведніка «Нясвіж».
Падзяліцца ў сацыяльных сетках: