"Пакт Рэрыха – Мір праз Культуру"
31 кастрычніка ў Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку "Нясвіж" адкрыецца часовая экспазіцыя Міжнароднага Цэнтра Рэрыхаў "Пакт Рэрыха – Мір праз Культуру". Арганізатар праекта – Міжнародная грамадская арганізацыя "Міжнародны Цэнтр Рэрыхаў".
Пакт Рэрыха – першая міжнародная дамова па абароне культурнай спадчыны падчас узброеных канфліктаў і ў мірны час. Гэта першы ў гісторыі міжнароднага права дакумент у абарону культурных каштоўнасцей, дагавор, які лёг у аснову Міжнароднай канвенцыі аб абароне культурных каштоўнасцей.
Пакт Рэрыха стаў практычным увасабленнем ідэй, закладзеных у мастацкай, філасофскай, навуковай спадчыне Мікалая Рэрыха і ўсіх членаў яго сям'і – жонкі Алены Рэрых (выбітны філосаф, пісьменнік, грамадскі дзеяч) і яго сыноў: Юрыя Рэрыха (найбуйнейшы ўсходазнаўца-індолаг, тыбетолаг, манголазнаўца) і Святаслава Рэрыха (выбітны мастак, мысліцель, грамадскі дзеяч).
Пакт Рэрыха стаў асновай сучаснай міжнародна-прававой сістэмы аховы культурных каштоўнасцей. Яго прынцыпы і нормы, яго ідэя аб Міры праз Культуру знайшлі адлюстраванне ў Канвенцыях і пратаколах, накіраваных на ахову культурнай спадчыны, а таксама ў Прэамбуле Статута ЮНЕСКА і ў шэрагу міжнародна-прававых актаў ЮНЕСКА.
Раздзелы выстаўкі прадстаўляюць багаты матэрыял аб міжнародным руху ў імя захавання культуры, аб гісторыі стварэння Пакта Рэрыха, унікальныя дакументы, фатаграфіі, інфармацыйныя стэнды, банеры, рэпрадукцыі на палатне карцін Мікалая Рэрыха. У экспазіцыю таксама ўваходзяць унікальныя фотаматэрыялы, якія расказваюць пра трагічную гібель помнікаў культуры ў сучаснасці, а таксама некаторыя прыклады вынікаў той працы, якая праводзіцца ў рэспубліцы пад кіраўніцтвам Міністэрства культуры РБ па захаванні помнікаў культуры ў РБ.
Пры падрыхтоўцы выстаўкі выкарыстаны архіўныя дакументы і фатаграфіі Міжнароднага Цэнтра Рэрыхаў, а таксама фатаграфіі, прадстаўленыя Расійскім дзяржаўным архівам кінафотадакументаў і міжнароднымі інфармацыйнымі агенцтвамі.
Адкрыццё часовай экспазіцыі – а 15 гадзіне ў Вялікай выставачнай зале нясвіжскага палаца.
Падзяліцца ў сацыяльных сетках: