«Маджарскія: армянскі род у гісторыі Беларусі»
З 8 лютага па 31 ліпеня 2024 г. у калекцыйных залах «Слуцкія паясы» дзейнічае выстава «Маджарскія: армянскі род у гісторыі Беларусі», падрыхтаваная фондам развіцця і падтрымкі арменазнаўчых даследаванняў «АНІВ».
Планшэты, прадстаўленыя на выставе, распавядаюць аб гісторыі сям’і армянскіх майстроў Маджарскіх, якія зрабілі значны ўклад у развіццё культуры беларускіх зямель XVIII–XIX стст. Ян Маджарскі стаяў ля вытокаў стварэння «фабрыкі»-персіярні па выпуску кунтушовых паясоў. У 1760 г. прадпрыемства было пераведзена з Нясвіжа ў Слуцк, а яго прадукцыя – слуцкія паясы – стала адным з культурных сімвалаў Беларусі. Сын Яна Лявон працягнуў справу бацькі. Унучка Лявона Эльжбета ў 1818 г. выйшла замуж за Чэслава Манюшку і была маці вядомага беларуска-польскага кампазітара Станіслава Манюшкі (1819–1872).
На планшэтах, у храналагічнай паслядоўнасці, прадстаўлены асноўныя даты з гісторыі роду, змешчаны выявы гістарычных персанажаў, мясцін, звязаных з іх дзейнасцю, артэфактаў. Таксама адлюстравана месца слуцкіх паясоў у культуры Беларусі.
Выставачны праект стаў першым сумесным мерапрыемствам Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» і фонда арменазнаўчых даследванняў «АНІВ», які займаецца захаваннем і папулярызацыяй армянскай гісторыка-культурнай спадчыны.
Падзяліцца ў сацыяльных сетках: