Дзень ведаў – на пленэры
Музей-запаведнік "Нясвіж" ад душы віншуе школьнікаў, навучэнцаў, студэнтаў з Днём ведаў! Жадаем усім пазітыўнага настрою на ўвесь навучальны год, аптымізму, упартасці ў дасягненні мэты і прагі ведаў, за якімі запрашаем да нас у музей!
Дзень ведаў у выглядзе пленэру дакладна запомніцца першакурснікам Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава. Напярэдадні гэтага дня на тэрыторыі Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж" больш за 80 навучэнцаў новага набору, натхнёныя каларытам мясцовых пейзажаў і цудоўнай палацавай архітэктуры, знаходзілі тут сюжэты для сваіх работ.
Такая форма правядзення першага ўрока не толькі садзейнічае фарміраванню ў маладых людзей разумення неабходнасці захавання гісторыка-культурнай спадчыны і беражлівых адносін да яе, але і надоўга пакіне ў памяці маладых мастакоў прыемныя ўспаміны аб наведванні Палацавага ансамбля ў Нясвіжы, які не адно стагоддзе натхняе людзей на стварэнне твораў мастацтва.
Дарагія нашы юныя сябры, няхай новы навучальны год прынясе вам глыбокія веды, займальныя адкрыцці і радасць творчасці!
Падзяліцца ў сацыяльных сетках: