"Не пакiдай мяне, мой светлы сум" — музей-запаведнік «Нясвіж»
Флаг РБ Герб РБ

"Не пакiдай мяне, мой светлы сум"

"Не пакiдай мяне, мой светлы сум"

З 29 лістапада 2024 г. па 13 красавіка 2025 г. ў Вялікай выставачнай зале Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж" дзейнічае выставачны праект "Не пакiдай мяне, мой светлы сум" скульптараў Льва і Сяргея Гумілеўскіх.

Знакамітыя на ўвесь свет скульптары Гумілеўскія ўнеслі значны ўклад у развіццё беларускага выяўленчага мастацтва XX–XXI стагоддзяў. На працягу больш за чвэрць стагоддзя Леў Мікалаевіч і Сяргей Львовіч працавалі ў творчым саюзе, іх лёсы і мастацтва непарыўна звязаны з горадам Нясвіжам. Іх творы, прасякнутыя любоўю да беларускай зямлі, вядомыя не толькі ў роднай краіне, але і за яе межамі.

Леў Гумілеўскі, з’яўляючыся прыхільнікам традыцыйнай скульптуры, прыўносіў у свае працы глыбокую цеплыню і дэталёвасць, пэўную ўнутраную цэласнасць, што рабіла іх жывымі і ўражальнымі. Сваю любоў да Нясвіжа, які скульптар лічыў родным, ён выказваў у стварэнні скульптур, прысвечаных гэтаму цудоўнаму гораду. Леў Мікалаевіч быў узнагароджаны сярэбраным медалём імя Грэкава, медалём Ф. Скарыны, з'яўляўся лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР. У 1991 г. яму было прысвоена званне "Народны мастак Беларусі".

Сын Льва Мікалаевіча, Сяргей Львовіч Гумілеўскі – член Беларускага саюза мастакоў, лаўрэат Прэміі Саюзнай дзяржавы (2010 г.) – працуе ў манументальнай і станковай скульптуры. Творчае натхненне для працы ён чэрпае ў беларускай паэзіі, ствараючы творы, напоўненыя вобразамі і каштоўнасцямі роднай культуры. З дзяцінства скульптар цікавіцца творчасцю вядомых беларускіх аўтараў Максіма Багдановіча і Янкі Купалы, знаходзіць у ёй нязведаныя бакі і стварае скульптуры-станы, у якіх перадае выявы песняроў беларускай зямлі і прыгажосць роднага краю. Сяргей Львовіч Гумілеўскі таксама беражліва захоўвае калекцыю твораў свайго бацькі.

Выставачны праект "Не пакiдай мяне, мой светлы сум" прадстаўляе больш за 60 работ – персанальныя скульптуры Сяргея Львовіча і Льва Мікалаевіча, а таксама работы сумеснага аўтарства; творы, натхнёныя прыгажосцю роднай зямлі; працы, прысвечаныя Нясвіжу; выявы дзеячаў беларускай культуры. Некаторыя работы Сяргей Львовіч прадстаўляе на часовай экспазіцыі ўпершыню. У якасці тактыльных прадметаў на выставе прадстаўлены шэраг скульптур з камня аўтарства Сяргея Львовіча Гумілеўскага.

Кошт уваходных білетаў: 6 BYNдля дарослых, 3 BYN — для школьнікаў і студэнтаў.

 

Білеты можна набыць у касах музея, з дапамогай сэрвісу электронных плацяжоў «Аплаці», з 09.12.2024. можна набыць білет анлайн на сайце музея-запаведніка.

 

Уваход на выставу магчымы без набыцця білета на наведванне пастаяннай экспазіцыі Палацавага ансамбля.

 

Даведкі і дадатковая інфармацыя па тэлефоне 8029551 80 51.

Падзяліцца ў сацыяльных сетках: