... І цёплыя шчырыя віншаванні — музей-запаведнік «Нясвіж»
Флаг РБ Герб РБ

... І цёплыя шчырыя віншаванні

... І цёплыя шчырыя віншаванні

Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае 30-годдзю Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж», адбылося ў палацавым ансамблі.

Павіншаваць калектыў установы з юбілеем сабралася нямала ганаровых гасцей: першы намеснік Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Валерый Грамада, архімандрыт Сергій, сакратар Слуцкай епархіі, першы намеснік Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта Міхаіл Афанасік, старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Сяргей Крысенка, дырэктары вядучых музеяў краіны, прадстаўнікі выканаўчай улады, духавенства.

Першым з прывітальным словам да прысутных звярнуўся першы намеснік Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Валерый Грамада. Ён павіншаваў супрацоўнікаў са знамянальнай датай і пажадаў здароўя, дабрабыту, поспехаў ва ўвасабленні задуманых праектаў. Валерый Іванавіч уручыў Ганаровую грамату Міністэрства культуры РБ за шматгадовую плённую працу, выдатныя дасягненні, значны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры начальніку аддзела экскурсійнай і інфармацыйнай дзейнасці Таццяне Скаражонак, таксама ўзнагародзіў шэраг супрацоўнікаў падзякамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Свае цёплыя шчырыя віншаванні выказаў архімандрыт Сергій і ўзнагародзіў калектыў музея-запаведніка «Нясвіж» Граматай Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна ў благаславенне за працу ў славу Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Высокай узнагароды — Ганаровай граматы старшыні Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму — удастоены калектыў музея-запаведніка «Нясвіж» за шматгадовую прафесійную дзейнасць, значны ўклад у развіццё музейнай справы Рэспубліцы Беларусь, прапаганду і папулярызацыю нацыянальнай культуры і ў сувязі з 30-годдзем з дня заснавання ўстановы.

У гэты дзень шмат гаварылі пра людзей, якія стаялі ля вытокаў стварэння музея, пра тых, хто ствараў фонд, хто беражліва яго захоўваў, прымнажаў, узнаўляў. Многія супрацоўнікі заслужана былі ўзнагароджаны граматамі і падзякамі Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж», Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта, Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.

Свята працягнулася шырокай канцэртнай праграмай. Гледачы ўбачылі вакальныя і танцавальныя нумары вядучых творчых музычных калектываў Беларусі.

Падзяліцца ў сацыяльных сетках: