“Ператвораныя ў попел. Генацыд беларускага народа на тэрыторыі Нясвіжскага раёна ў гады вайны» — музей-запаведнік «Нясвіж»
Флаг РБ Герб РБ

“Ператвораныя ў попел. Генацыд беларускага народа на тэрыторыі Нясвіжскага раёна ў гады вайны»

 “Ператвораныя ў попел. Генацыд беларускага народа на тэрыторыі Нясвіжскага раёна ў гады вайны»

29 красавіка ў Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж” адкрываецца часовая экспазіцыя “Ператвораныя ў попел. Генацыд беларускага народа на тэрыторыі Нясвіжскага раёна ў гады вайны», прымеркаваная да Года гістарычнай памяці.

Выстава расказвае пра генацыд жыхароў Нясвіжскага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У яе аснову леглі гістарычныя дакументы, якія выкрываюць злачынствы нацызму, паказваюць храналогію падзей, звязаных з планамерным знішчэннем мірнага насельніцтва на тэрыторыі раёна. У экспазіцыі прадстаўлены матэрыялы аб стварэнні ў горадзе гета і лагера смерці вясной 1942 года, які знаходзіўся ў 50 км ад Нясвіжа ў вёсцы Калдычэва Баранавіцкага раёна, праз пекла якога прайшло нямала ўраджэнцаў Нясвіжскага раёна. У тым ліку паэт і кампазітар Сяргей Новік-Пяюн, арыштаваны за сувязь з партызанамі. У калдычэўскі лагер яго адправілі 9 мая 1944 г.

Ахвярамі акупантаў станавіліся людзі розных нацыянальнасцей, якія жылі на тэрыторыі сучаснага Нясвіжскага раёна. Адразу пасля прыходу нямецкіх войскаў у горад у двары яўрэйскай сінагогі быў створаны лагер для савецкіх ваеннапалонных. Невялікія групы палонных рэгулярна адводзілі ў раён Глінішча, дзе расстрэльвалі. Таксама першымі ахвярамі акупацыі сталі людзі, якія ў 1939-1941 гг. супрацоўнічалі з савецкай уладай. Ужо ў ліпені 1941 г. у Гарадзеі былі арыштаваны 15 чалавек з ліку былых савецкіх актывістаў, траіх з іх расстралялі на месцы. У в. Панюцічы 6 жніўня 1941 г. акупанты арыштавалі 10 чалавек. Усіх іх праз некаторы час расстралялі. У Пагарэльцах да канца 1941 г. было забіта больш за 20 мясцовых жыхароў. У Нясвіжы ў студзені 1942 г. былі пакараныя 12 чалавек – сябраў Шчэпіцкай падпольнай арганізацыі (Клецкі раён). Улетку 1941 г. недалёка ад Нясвіжа быў знішчаны цыганскі табар (каля 30 чалавек). 30 кастрычніка 1941 г. у Нясвіжы расстраляна каля 3000 яўрэяў. 5 жніўня 1942 г. ва ўрочышчы Гайкі, у лесе паміж вёскамі Малева і Еськавічы расстралялі звыш 70 палякаў. Сярод іх былы бургамістр Нясвіжа, служачыя магістрата, выкладчыкі і вучні польскай гімназіі, манашкі, ксяндзы касцёлаў Нясвіжа, Гарадзеі, Сейлавіч, Пляшэвіч. Практычна цалкам было знішчана яўрэйскае насельніцтва горада і раёна.

17 ліпеня 1942 года знішчана гета ў Гарадзеі, дзе загінулі больш за 1000 чалавек. 21 ліпеня 1942 г. скончылася шматвяковая гісторыя Нясвіжскай яўрэйскай абшчыны. Загінулі каля 700 чалавек. Пры гэтым яўрэі аказалі ўпартае супраціўленне. Падзеі гэтага дня лічацца першым паўстаннем у гета на тэрыторыі Усходняй Еўропы.

Усяго за гады варожага нашэсця на тэрыторыі, паводле розных звестак, з ліпеня 1941 г. па чэрвень 1944 г. у Нясвіжы было знішчана ад 6 да 10 тысяч чалавек. Сярод іх каля 1000 дзяцей і 2700 жанчын.

Знішчэнне насельніцтва суправаджалася рабаваннем і разбурэннем эканомікі раёна. У Нясвіжы і Гарадзеі зруйнавана 111 мураваных будынкаў і 243 драўляныя дамы.

Выставачны праект «Пераўтвораныя ў попел» - гэта чарговы напамін аб важнасці захавання гістарычнай праўды пра генацыд, жудасных злачынствах нацыстаў і іх памагатых у гады Вялікай Айчыннай вайны, забыць якія нельга. Гэтыя злачынствы не маюць тэрміну даўнасці.

Перыяд працы выставы - з 29 красавіка 2022 года да 15 студзеня 2023 года ў экспазіцыйным зале першага пускавога комплексу аддзела экскурсійнай, культурнай і навуковай дзейнасці «Палацавы ансамбль».

Падзяліцца ў сацыяльных сетках: