Спорт у жыцці арыстакратаў
Першыя ў гісторыі перанесеныя Алімпійскія гульні пройдуць з 23 ліпеня па 8 жніўня ў японскім Токіа. Праз два тыдні іх удзельнікі будуць змагацца за 339 камплектаў медалёў у 33 відах спорту. Пакуль беларускія атлеты завяршаюць падрыхтоўчы этап да XXXII Алімпіяды, мы нагадваем пра тое, што ў музеі-запаведніку "Нясвіж" можна набыць спартыўную экскурсію, маршрут якой праходзіць па замкавым двары і валах. Вы даведаецеся, якое месца займаў спорт у жыцці арыстакратаў.Вось толькі некаторыя факты аб спартовым мінулым уладальнікаў Нясвіжа.
У езуіцкім калегіуме, адкрытым па ініцыятыве Н.Х. Радзівіла Сіроткі, дзе атрымлівалі адукацыю многія прадстаўнікі роду, вялікая ўвага надавалася фізічнаму выхаванню. Найбольш папулярнымі практыкаваннямі былі гульня з мячом — палента (папярэднік валейбола), барацьба, фехтаванне на драўляных шаблях і рапірах, бег навыперадкі, кіданне камянёў на далёкасць. У пачатку 1890-х гг. у Нясвіжы з'явіўся тэнісны корт (магчыма, першы на тэрыторыі сучаснай Беларусі). Спачатку ён размяшчаўся на ўскраіне парка, каля замкавага рова, а крыху пазней перамясціўся на Спартыўную паляну. У савецкі час, калі ў замку дзейнічаў санаторый, яго перарабілі ў валейбольную пляцоўку. А тэрыторыя першага корта была забетанавана і ператварылася ў танцпляцоўку (зараз - летняе кафэ).
Леон Канстанцін Радзівіл (1880-1927) — прадстаўнік французскай лініі роду, прафесійна займаўся конным пола. Гэты від спорту з 1900 па 1936 гг. уваходзіў у праграму Алімпійскіх гульняў. У гонар князя, які быў таленавітым спартсменам, перад Першай сусветнай вайной у Канах нават праходзіў турнір па конным пола.
А самае цікавае з спартовага і самае спартовае з цікавага вам раскажуць нашы экскурсаводы.
Падзяліцца ў сацыяльных сетках: