Флаг РБ Герб РБ

Стартаваў рэспубліканскі інклюзіўны конкурс

Стартаваў рэспубліканскі інклюзіўны конкурс

Ужо трэці год запар Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж" адчыняе дзверы для таленавітай моладзі, якая стварае мастацтва, даступнае кожнаму. Наш унікальны праект па стварэнні тактыльных карцін вяртаецца, стаўшы яшчэ больш маштабным!
Наш шлях: ад ідэі да рэспубліканскага ўзроўню.
У 2024 годзе мы пачыналі з малога: юныя майстры ўзнаўлялі ў рэльефе веліч горада Нясвіжа.
У 2025 годзе мы пашырылі гарызонты да «Архітэктурнай спадчыны Мінскай вобласці», а работы фіналістаў папоўнілі пастаянную экспазіцыю музея і сталі героямі тэлеэфіраў.
У 2026 годзе конкурс афіцыйна вырас да рэспубліканскага ўзроўню! У гэтым сезоне мы прапануем удзельнікам адлюстраваць у тактыльных палотнах багатую архітэктурную спадчыну ўсёй Беларусі.

Мы запрашаем маладых аўтараў стварыць рэльефныя карціны-барэльефы гістарычных будынкаў (замкаў, ратуш, храмаў). Гэтыя работы стануць «вачамі» для невідушчых і наведвальнікаў са слабым зрокам, якія змогуць адчуць прыгажосць беларускай архітэктуры кончыкамі пальцаў.

Хто можа прыняць удзел?
Навучэнцы ўстаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь у дзвюх узроставых катэгорыях:
Ад 12 да 15 гадоў;
Ад 16 да 20 год.

Важныя даты:
Прыём заявак – да 10 кастрычніка 2026 г.
Фінал і ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў – 27 лістапада 2026 года ў Тэатральнай зале Палацавага ансамбля ў Нясвіжы.
Усе лепшыя тактыльныя карціны фіналістаў назаўжды застануцца ў экспазіцыі Нясвіжскага замка, дапамагаючы развіваць інклюзіўнае і безбар'ернае асяроддзе.
Азнаёміцца з Палажэннем і спампаваць форму заяўкі можна ніжэй.