Той самы першы год вайны...
Канцэнтрацыя войскаў вермахта ля межаў СССР прыняла пагрозлівы маштаб, пра што савецкая разведка рэгулярна дакладвала кіраўніцтву. Пачалося ўтоенае разгортванне савецкіх дывізій з глыбіні краіны.
13 мая Генеральны штаб РСЧА выдаў дырэктыву, якая прадпісвала перакідку войскаў з глыбіні краіны (напрыклад, з Прыволжскай, Уральскай, Паўночна-Каўказскай і Сібірскай ваенных акруг) у заходнія прыгранічныя акругі.
У Маскву ішоў літаральна вал данясенняў аб хуткім пачатку вайны. У гэтых умовах у Генштабе прыйшлі да пераканання, што Германія “можа папярэдзіць нас у разгортванні і нанесці раптоўны ўдар”. Так нарадзілася задума “апераджальнага ўдару” з боку Чырвонай Арміі, якую Сталіну і прапаноўвалі разгледзець. Прынцыповая ідэя не мянялася – галоўны ўдар па-ранейшаму наносяць сілы Паўднёва-Заходняга фронту, а дапаможны – левае крыло Заходняга фронту. На астатніх участках войскі вядуць актыўную абарону.
Рыхтуючыся да вайны супраць СССР, гітлераўскае кіраўніцтва старанна маскіравала свае дзеянні, засакрэчвала ўсе арганізацыйна-адміністрацыйныя мерапрыемствы, звязаныя з падрыхтоўкай. Разумеючы, што цалкам схаваць маштабную ваенную падрыхтоўку немагчыма, яна падрыхтавала старанна прадуманы план па іх прыкрыцці. Дэзінфармацыйныя мерапрыемствы праводзіліся на ўзроўні дзяржаўнай палітыкі, у іх распрацоўцы бралі асабісты ўдзел вышэйшыя кіраўнікі Трэцяга Рэйха.
12 мая 1941 года Кейтэль падпісаў дырэктыву, якая ўдакладняла напрамкі і прыёмы глабальнай дэзінфармацыйнай аперацыі супраць СССР. У ёй указвалася: “У бліжэйшыя тыдні канцэнтрацыя войскаў на Усходзе значна павялічыцца… З гэтых нашых перагруповак у Расіі ні ў якім разе не павінна скласціся ўражанне, што мы падрыхтоўваем наступ на Усход…”
А што паведамляла савецкая разведка? Па гэтым пытанні Цэнтр атрымліваў зусім скажоную інфармацыю. Сталіну няпроста было разабрацца, дзе праўда. Г.К. Жукаў у кнізе “Успаміны і разважанні” адзначае: “20 сакавіка 1941 года начальнік разведвальнага ўпраўлення генерал Ф.І. Голікаў прадставіў кіраўніцтву даклад, які змяшчае звесткі выключнай важнасці. У гэтым дакуменце выкладаліся некаторыя варыянты магчымых напрамкаў удараў нямецка-фашысцкіх войскаў пры нападзе на Савецкі Саюз. У дакуменце ўказваецца, што “пачатак ваенных дзеянняў супраць СССР трэба чакаць паміж 15 мая і 15 чэрвеня 1941 года”. Аднак высновы з прыведзеных у дакладзе звестак, па сутнасці, здымалі ўсё іх значэнне і ўводзілі І. В. Сталіна ў зман.