Адбыўся семінар-практыкум — музей-запаведнік «Нясвіж»
Флаг РБ Герб РБ

Адбыўся семінар-практыкум

Адбыўся семінар-практыкум

28 студзеня на базе Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” адбыўся семінар-практыкум “Удасканаленне паслуг культурна-пазнавальнага турызму ў сістэме дзяржаўных музеяў Беларусі”. Удзел у ім узялі больш за 20 прадстаўнікоў як буйных музейных комплексаў (музей-запаведнік “Нясвіж”, замкавы комплекс “Мір”, мемарыльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”), так і раённых краязнаўчых музеяў з Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцей.

 Семінар праводзіўся пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскага савета дырэктараў музеяў, музея “Замкавы комплекс “Мір”.

Асноўная мэта семінара – развіццё супрацоўніцтва ў сферы культурна-пазнавальнага турызму, пашырэнне і ўмацаванне культурных сувязяў, дэманстрацыя ўзроўню турыстычнай індустрыіі музеяў-удзельнікаў з улікам экскурсійнага патэнцыялу і спецыфікі рэгіёна.

– Семінар-практыкум, які невыпадкова праходзіць на базе нашага музея-запаведніка, з’яўляецца другой часткай комплексу мерапрыемстваў па каардзінацыі дзейнасці дзяржаўных музеяў па развіціі культурна-пазнавальнага турызму, - адзначыў дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Дзмітрый Яшчанка. – Мы прынялі гэту эстафету ад нашых калег з музея “Замкавы комплекс “Мір”, дзе ў ліпені 2021 года была такая сустрэча. Вынікі гэтага семінара павінны прынесці карысць тым установам, прадстаўнікі якіх сабраліся для абмеркавання вялікай колькасці пытанняў. Вынікам сённяшняга пасяджэння стануць метадычныя рэкамендыцыі, якія падштурхнуць да далейшага развіцця культурна-пазнавальнага турызму.

Семінар адбыўся ў фармаце дыялогу, калі на канкрэтных прыкладах былі разгледжаны такія тэмы, як распрацоўка і выкарыстанне новых экскурсійных маршрутаў, папулярызацыя тэрытарыяльных брэндаў у галіне культуры, стварэнне новых экспазіцый, формы прысутнасці музеяў у медыяпрасторы.

Асаблівая ўвага была нададзена пытанням інклюзіўнага турызму і рэалізацыі даступнасці музея для некаторых людзей, у прыватнасці, наведвальнікаў са слабым зрокам.

Падчас мерапрыемства спецыялісты гаварылі аб ролі музейнага рэсурса ў развіцці культурна-пазнавальнага турызму і дзяліліся ўласным вопытам правядзення гульняў-экскурсій, як адной з формаў знаёмства наведвальнікаў з часовай экспазіцыяй, у адной з якіх, дарэчы, паўдзельнічалі і самі госці.

Напрыканцы “музейнага форума” былі паведзены вынікі работы семінара-практыкума і акрэслены задачы на будучыню. А з улікам актуальнасці тэматыкі, бо развіццё культурна-пазнавальнага турызму звязана, перш за ўсё, з тым, што ён садзейнічае стварэнню пазітыўнага іміджу, павышэнню адукацынага і культурнага ўзроўня насельніцтва, павагі да сваёй нацыянальнай культуры, была выказана неабходнасць ў правядзенні і надалей такіх інфармацыйна-адукацыйных мерапрыемстваў.

На фота: перад удзельнікамі канферэнцыі выступае старшы навуковы супрацоўнік Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея Вольга Шкрабіна.

Падзяліцца ў сацыяльных сетках: