Адбылася сустрэча працоўнага калектыву музея-запаведніка «Нясвіж» са старшынёй раённага выканаўчага камітэта
Сёння ў Тэатральнай зале Палацавага ансамбля Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» прайшла сустрэча з калектывам установы і асабісты прыём грамадзян, які правёў старшыня Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Казіміравіч Ратамскі.
У пачатку сустрэчы Андрэй Казіміравіч выказаў шчырую падзяку супрацоўнікам музея-запаведніка за іх прафесійную працу і ўклад у захаванне і папулярызацыю культурнай спадчыны рэгіёна. Ён таксама прадставіў удзельнікам сходу канцэпцыю комплекснага развіцця горада і Нясвіжскага раёна з асаблівым акцэнтам на ўдасканаленне турыстычнай інфраструктуры.
Звяртаючыся да калектыву, кіраўнік раёна падкрэсліў:
- У нас з вамі будзе каласальная праца ў будучай пяцігодцы. Ад нашых сумесных намаганняў залежыць, якім будзе Нясвіж заўтра - для жыхароў і для гасцей раёна і краіны.
Падчас сустрэчы Андрэй Казіміравіч адказаў на асабістыя пытанні супрацоўнікаў, якія тычацца сацыяльна-эканамічнага развіцця тэрыторыі, добраўпарадкавання і перспектыўных праектаў.
У сваю чаргу, дырэктар музея-запаведніка Дзмітрый Яшчанка падзякаваў старшыні райвыканкама за змястоўны і адкрыты дыялог:
- Нясвіж з кожным днём змяняецца, і гэта нам, як музейнай супольнасці, асабліва блізка. Наша вытворчая тэрыторыя ў цэнтры горада плошчай 2,5 га ўжо стала часткай гарадскога асяроддзя — сюды штодня прыходзяць прагуляцца жыхары і госці раёна, і яны станоўча ацэньваюць змены, якія адбыліся.
Сустрэча прайшла ў атмасферы ўзаемаразумення і канструктыўнага супрацоўніцтва.