ІІ навуковая канферэнцыя «Нясвіжскі замак: падзеі, асобы, спадчына» — музей-запаведнік «Нясвіж»
Флаг РБ Герб РБ

ІІ навуковая канферэнцыя «Нясвіжскі замак: падзеі, асобы, спадчына»

ІІ навуковая канферэнцыя «Нясвіжскі замак: падзеі, асобы, спадчына»

20 кастрычніка ў музеі-запаведніку «Нясвіж» прайшла ІІ навуковая канферэнцыя «Нясвіжскі замак: падзеі, асобы, спадчына», прысвечаная 440-годдзю пачатку будаўніцтва мураванага замка. У яе рабоце прынялі ўдзел супрацоўнікі музейных і навуковых устаноў. Значная частка дакладаў была прысвечана асэнсаванню і вывучэнню культурнай спадчыны роду Радзівілаў і калекцый Нясвіжскага замка: музычных твораў, кніжных збораў, партрэтаў. Таксама закраналіся пытанні, звязаныя з гісторыяй Нясвіжа і суседніх рэгіёнаў.

У межах канферэнцыі адбылася прэзентацыя выдання «Маджарские. Армянский род в истории Беларуси». Ян Маджарскі ў сяр. XVIII ст. арганізаваў вытворчасць славутых кунтушовых паясоў, а яго сын Леан працягнуў справу бацькі. Менавіта гэтыя людзі спрычыніліся да з’яўлення аднаго з нашых нацыянальных сімвалаў – слуцкіх паясоў.

Багата ілюстраваная і змястоўная манаграфія, якая абагульняе вядомыя на сённяшні дзень звесткі пра армянскіх майстроў, – сумесны праект фонду арменазнаўчых даследаванняў «АНІВ» і Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. Яна падрабязна распавядае аб паходжанні рода і яго інтэграцыі ў шляхецкую супольнасць Рэчы Паспалітай, асвятляе гісторыю «персіярні». У дадатку надрукаваны шэраг дакументаў аб жыцці і дзейнасці Маджарскіх: кантракты, вытрымкі з інвентароў, лісты, выпіскі з метрычных кніг.

Пра работу над кнігай распавялі яе аўтар Дзяніс Лісейчыкаў і кіраўнік праекта Армэн Хечаян. Дзяніс Лісейчыкаў звярнуў увагу, што падчас пошуку і апрацоўкі матэрыялаў былі выяўлены новыя факты з біяграфій Маджарскіх і гісторыі арганізацыі вытворчасці. Асобна ён спыніўся на пачатковым — нясвіжскім — перыядзе дзейнасці персіярні. Армэн Хечаян гаварыў аб армяна-беларускіх культурных стасунках і разнастайнасці даследчых сюжэтаў.

Асобнік выдання быў перададзены бібліятэцы музея-запаведніка «Нясвіж».

Падзяліцца ў сацыяльных сетках: