«Крокі да Перамогі» — музей-запаведнік «Нясвіж»
Флаг РБ Герб РБ

«Крокі да Перамогі»

«Крокі да Перамогі»

9 мая 2025 года споўніцца 80 гадоў з Дня Перамогі над фашысцкай Германіяй, дасягнутай цаной неверагоднага напружання і каласальных страт нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, вайны за права на само наша існаванне. Праходзяць дзесяцігоддзі, змяняюцца пакаленні, але Вялікая Перамога, як сімвал нацыянальнага гонару, воінскай славы і доблесці нашага народа, назаўжды застанецца ўпісанай у гераічны летапіс краіны.

Сёння мы пачынаем новую рубрыку «Крокі да Перамогі», у якой будуць публікавацца дакументальныя звесткі і факты ваенных падзей 1945 года, біяграфіі і фатаграфіі тых людзей, хто крок за крокам набліжаў Вялікі Дзень Перамогі, з баямі прайшоўшы апошнія рубяжы – узяцце Берліна і разгром мілітарысцкай Японіі.


У студзеньскія дні 1945 года разгортвалася Вісла-Одэрская наступальная аперацыя. Да гэтага часу стратэгічная ініцыятыва цалкам была ў руках савецкіх войскаў. Гітлераўская армія знаходзілася ў крытычным становішчы. Ішлі цяжкія баі ў Венгрыі і Усходняй Прусіі, паступова вермахт адступаў і на Заходнім фронце. Былі практычна знішчаныя ваенна-паветраныя сілы, вычарпаныя людскія рэзервы. Вісла-Одэрская аперацыя праводзілася сіламі 1-га Беларускага і 1-га Украінскага франтоў. Імі камандавалі маршалы Георгій Жукаў і Іван Конеў. Колькасць наступаючых войскаў склала 2,2 мільёна чалавек - гэта каля 40 адсоткаў дзеючых на савецка-германскім фронце. У самыя кароткія тэрміны сфарміраваны магутны ўдарны кулак. На ўзбраенні - 34 тысячы гармат, 6,5 тысячы танкаў, 4,8 тысячы самалётаў.

Нашым войскам супрацьстаяла нямецкая група армій «А» пад камандаваннем генерала Гарпе. У яго распараджэнні было 400 тысяч чалавек, 5 тысяч гармат, 1220 танкаў і 630 самалётаў. Перавага савецкай групоўкі не выклікала сумнення. Аднак прымаліся ўсе меры маскіроўкі, каб вораг нічога не западозрыў. Удар быў нечаканы і нябачанай сілы. Вісла-Одэрская аперацыя ўвайшла ў ваенную гісторыю як самае імклівае наступленне: на працягу 23 сутак савецкія войскі прасоўваліся на адлегласць ад 20 да 30 кіламетраў у дзень, танкавыя арміі ў асобныя перыяды праходзілі нават да 70 кіламетраў, некаторыя населеныя пункты бралі з ходу. На пяты дзень наступлення, 17 студзеня, Чырвоная Армія авалодала Варшавай, 19 студзеня вызвалены Кракаў, акружана буйная нямецкая групіроўка ў Познані. У цяжкіх зімовых умовах савецкія войскі прасунуліся наперад на 500 кіламетраў і да канца студзеня выйшлі да Одэра. У пачатку лютага на яго левым беразе быў захоплены шэраг плацдармаў. Напрамую да Берліна заставалася 60 кіламетраў…

Падзяліцца ў сацыяльных сетках: