«Крокі да Перамогі»

4 лютага 1945 года ў Крыме пачалася другая па ліку (пасля Тэгеранскай у 1943 г.) сустрэча лідараў краін антыгітлераўскай кааліцыі — Савецкага Саюза, Вялікабрытаніі і Злучаных Штатаў Амерыкі.
Другая сусветная вайна ішла да завяршэння, і наспела чарговая сустрэча першых асоб саюзных дзяржаў. Шмат спрэчак выклікала месца будучай канферэнцыі. Адным з варыянтаў была Вялікабрытанія, якая была дзяржавай, роўнааддаленай як ад ЗША, так і ад Савецкага Саюза. Былі і іншыя прапановы: Егіпет, Шатландыя. Але Сталін настаяў, каб сустрэча прайшла на тэрыторыі СССР, каб кіраўнікі саюзных дзяржаў асабіста ўбачылі, які ўрон нанесла Германія нашай краіне. Сама па сабе тэрыторыя Крыма была рызыкоўнай для такой сустрэчы: паўвостраў быў вызвалены ад гітлераўцаў толькі ў маі 1944 года, там магла заставацца варожая агентура, ды і фронт быў не так далёка, што дазваляла нанесці па Ялце масіраваны ўдар авіяцыі. Канферэнцыю падрыхтавалі ў вельмі сціслыя тэрміны – менш чым за месяц. Бяспеку і камфорт удзельнікаў савецкі бок забяспечыў на вышэйшым узроўні.
4 лютага 1945 года кіраўнікі трох саюзных дзяржаў сабраліся ў Лівадыйскім палацы. Увага ўдзельнікаў канферэнцыі была занята праблемамі завяршэння Другой сусветнай вайны. Размова ішла аб умовах капітуляцыі Германіі, зонах яе акупацыі, рэпатрыяцыі, рэпарацыях. Лютыя спрэчкі ўзніклі вакол будучыні Польшчы. З цяжкасцю ўдалося дамовіцца аб складзе яе будучага ўрада і заходніх граніцах. Прынцыпова важным стала рашэнне аб стварэнні міжнароднай арганізацыі, пераемніцы Лігі нацый. Удзельнікі сустрэчы дамовіліся правесці ў красавіку 1945 года ў ЗША канферэнцыю для заснавання Арганізацыі Аб'яднаных нацый (ААН). Вельмі задаволеным выглядаў Рузвельт: у Ялце было падпісана надзвычай важная для ЗША сакрэтная дамова, згодна якой СССР абавязаўся ўступіць у вайну з Японіяй на боку саюзнікаў праз 2-3 месяцы пасля перамогі над Германіяй.
Падзяліцца ў сацыяльных сетках: