Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Музей і спадчына: традыцыі і інавацыі"
12 верасня ў Замкавым комплексе "Мір" адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Музей і спадчына: традыцыі і інавацыі", прымеркаваная да 25-годдзя ўключэння Замкавага комплекса "Мір" у Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел вядучыя гісторыкі і спецыялісты ў вобласці музейнай справы, а таксама захавання і вывучэння гістарычнай спадчыны з Беларусі, Расіі, Кітая.
З дакладамі ў пленарнай частцы канферэнцыі выступілі начальнік аддзела экскурсійнай, культурнай і навуковай дзейнасці Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж" Аляксей Міхайлавіч Буднік і старшы навуковы супрацоўнік аддзела Сяргей Уладзіміравіч Чысцякоў. У дакладах, высока ацэненых арганізатарамі і ўдзельнікамі канферэнцыі, былі асвечаны пытанні папулярызацыі аб'ектаў гістарычнай спадчыны, арганізацыі іх дзейнасці, а таксама апошнія вынікі навуковых даследаванняў на аб'ектах ЮНЭСКА.
У цёплай і дружалюбнай атмасферы на палях канферэнцыі адбыўся прадуктыўны абмен вопытам і меркаваннямі па пытаннях вывучэння і захавання гістарычнай спадчыны, форм і метадаў работы сучасных музееў.