Навукова-практычная канферэнцыя
28 кастрычніка 2022 г. у Нясвіжскім палацы прайшла навукова-практычная канферэнцыя «Захаванне гістарычнай памяці і фарміраванне грамадзянскай пазіцыі. Вопыт і перспектывы музейнай работы», прымеркаваная да Года гістарычнай памяці.
Мерапрыемства сабрала тры дзясятка ўдзельнікаў з розных рэгіёнаў краіны. Сярод іх супрацоўнікі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, музеяў Оршы, Наваполацка, Ліды; выкладчыкі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта; даследчыкі з Мінска і Бярэзінскага раёна. Пяць дакладаў былі падрыхтаваны і агучаны навуковымі супрацоўнікамі музея-запаведніка «Нясвіж».
Тэматыка паведамленняў вызначалася разнастайнасцю. Частка іх закранала тэму Вялікай Айчыннай вайны: мемарыялізацыя воінскіх пахаванняў, стварэнне сучасных экспазіцый, якія распавядаюць пра генацыд беларускага народа ў 1941–1944 гг. Таксама прагучалі даклады, прысвечаныя гісторыі музейнай справы Беларусі, рэстаўрацыі і музеефікацыіі замкаў у Нясвіжы і Гродне, папулярызацыі рэгіянальнай гісторыі. Большая частка паведамленняў датычылася актуальных пытанняў музейнай дзейнасці: стварэння часовых і пастаянных экспазіцый, выкарыстання фондавых калекцый, укаранення інклюзіўных практык, формаў работы з дзіцячай аудыторыяй і камунікацыі з наведвальнікамі. Нягледзячы на шчыльны графік, у гасцей была магчымасць азнаёміцца з экспазіцыяй Палацавага ансамбля.
Матэрыялы канферэнцыі будуць выдадзены асобным зборнікам.
Падзяліцца ў сацыяльных сетках: