Адкрыццё выставы «Недзе на захад ад Мінска...» — музей-запаведнік «Нясвіж»
Флаг РБ Герб РБ

Адкрыццё выставы «Недзе на захад ад Мінска...»

Адкрыццё выставы «Недзе на захад ад Мінска...»

6 ліпеня ў Мінску, у выставачнай зале «LIBRA», па адрасе праспект Незалежнасці, 37 (раён пл. Перамогі) адкрылася выстава, прысвечаная паўсядзённаму жыццю Заходняй Беларусі 1920–1930-х гг.


Сёння гэта цяжка ўявіць, але менш чым сто гадоў таму назад жыхары Мінска не мелі магчымасці здзяйсняць далёкія падарожжы на захад ад роднага горада. Усяго ў 30 км ад сталіцы праходзіла мяжа, якая падзяляла БССР і Польшчу. У склад апошняй да 1939 г. уваходзіла і частка беларускіх зямель. Але сёння ў мінчан з’явілася магчымасць падарожнічаць у часе і прасторы. Наведвальнікі выставы змогуць прайсціся па вуліцах заходнебеларускага горада, зазірнуць у кінатэатр, дзе дэманструюцца мастацкія і дакументальныя фільмы; зайсці ў кравецкае атэлье, у якім можна прымерыць модны касцюм; наведаць кнігарню, убачыць калекцыі грашовых знакаў, фотаздымкаў і паштовак з відамі гарадоў і мястэчак. А яшчэ іх чакае шмат цікавай інфармацыі пра цэны і паслугі 1930-х гг.


Экспанаты прадастаўлены шэрагам арганізацый: Нацыянальным гісторыка-культурным музеем-запаведнікам «Нясвіж», Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Музеем памежжа і зямлі Астроўскай (Польша), прыватнымі калекцыянерамі. Спецыялісты музея-запаведніка «Нясвіж» распрацавалі канцэпцыю і ажыццявілі мантаж выставы.

Рэалізацыя праекта стала магчымай дзякуючы супрацоўніцтву дзяржаўных устаноў, калекцыянераў і бізнэс-колаў (у прыватнасці, кіраўніцтва ТАА «Узвысь»).

Выстава будзе дзейнічаць да 31 студзеня 2019 г.

Падзяліцца ў сацыяльных сетках: