“Там, дзе музы падрасталі”
З 6 па 18 мая 2022 года ў Палацавым ансамблі роду Радзівілаў дзейнічае часовая экспазіцыя “Там, дзе музы падрасталі” работ прызёраў розных гадоў конкурсу-пленэра юных мастакоў імя Міхаіла Сеўрука Дзяржаўнай установы адукацыі “Нясвіжская дзіцячая школа мастацтваў”.
Пленэр юных мастакоў праходзіць у гэтым годзе трынаццаты раз.
За гэтыя гады ён ператварыўся ў яркае значнае для дзяцей і падлеткаў мерапрыемства, якое стымулюе цікавасць да гісторыі роднай краіны, пашырае ўяўленне аб мастацтве праз зносіны і абмен вопытам і, што немалаважна, праз прагляд мастацкіх выстаў, якія праходзяць у гэтыя дні, арганізоўваюцца і прымяркоўваюцца непасрэдна да мерапрыемства. Тэмы пленэраў і тэматычныя заданні для ўдзельнікаў у розныя гады былі прысвечаны гісторыі Нясвіжа, легендам краю, гістарычным асобам (Джавані (Ян) Марыя Бернардоні, Марыя Дарота дэ Каcтэлян-Радзівіл і інш.), помнікам архітэктуры і іх гісторыі.
Для ўдзелу ў пленэры патрабавалася часам досыць працяглая падрыхтоўка па гісторыі Нясвіжа, і тут бачна вялікая заслуга мастакоў-педагогаў, якія праводзілі папярэднюю работу з дзецьмі для лепшага ўспрымання тэматыкі пленэру.
У Нясвіжы юныя мастакі паглыбляюцца ў тэму пленэру дзякуючы цікавым экскурсіям, якія праводзяць спецыялісты Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” і выставам у залах Палацавага ансамбля, якія спалучаюць у сабе матэрыялы гістарычнай і мастацкай каштоўнасці.
Некалькі гадоў пленэр збіраў не толькі навучэнцаў мастацкіх школ і мастацкіх аддзяленняў рэгіёну, але і прадстаўнікоў іншых гарадоў (Віцебск, Полацк, Наваполацк, Баранавічы, Салігорск, Слуцк і інш.), а таксама юных мастакоў з іншых краін (Польшча, Латвія, Літва, Расія).
Пленэр прадугледжвае работу ў дзвюх намінацыях — пленэрны пейзаж і кампазіцыя. Гэта дазваляе ўдзельнікам паназіраць за прыродай, паспрабаваць сябе ў пейзажным і гарадскім жывапісе, выказаць свае ўражанні ў кампазіцыі.
Пачынаючы з 2009 года ў калекцыі пленэру сабралася дастаткова шмат работ пераможцаў – розных узроставых груп, розных стылістык і тэхнік. Гэта цікавыя дзіцячыя кампазіцыі і практычна прафесійныя эцюды старэйшых дзяцей.
Невялікая па аб'ёме выстава дае магчымасць убачыць частку той прыгажосці, якую ствараюць юныя мастакі кожнай вясной на пленэры, здзівіцца іх фантазіі і чыстай непасрэднасці ва ўспрыманні прыроды, гісторыі і мастацтва.
Загадчыца мастацкага аддзялення ДУА «Нясвіжская дзіцячая школа мастацтваў», куратар пленэра Марына Канавалава
Падзяліцца ў сацыяльных сетках: